Лібэралізацыі няма

Ещё никто не проголосовал

Абставіны прызыва Франака Вячоркі і Івана Шылы ў войска павінны адназначна нагадаць усім нам, чаго вартая лукашэнкаўская “лібэралізацыя” грамадзка-палітычнага жыцьця краіны.

 
Новыя беларускія палітвязьні

Тое, якім чынам Франака Вячорку захапілі, зьбілі і гвалтам адвезьлі ў ваенную частку ў кайданках, нівэлюе дашчэнту любыя абвінавачваньні на яго адрэсу пра тое, што, маўляў, “кожны мусіць аддаць доўг радзіме, і праклятыя ‘змагары’ не выключэньне”. Супрацьзаконны прызыў у войска - гэта безумоўна ёсьць ізаляваньне Вячоркі, Шылы, як перад гэтым Жалезьнічэнкі, Каліты і іншых, ад актыўнага палітычнага жыцьця. Ізаляваньне, зьдзейсьненнае нахабна і дэманстратыўна жорстка, з парушэньнем законадаўства, пасьля фальсыфікацыі вынікаў мэдычнага абсьледваньня, пасьля незаконнага выключэньня Вячоркі зь інстытуту, а Шылы ўвогуле са школы напярэдадні апошняга іспыту.

Канечне, ёсьць вэрсія, што захоп Вячоркі і Шылы зьяўляецца вынікам барацьбы паміж групоўкамі ўнутры ўлады альбо нават правакацыі з боку сілаў, якія процістаяць лібэралізацыйным ініцыятывам (літаральна перад гэтым суд прыняў рашэньне, паводле якога Вячорка не падлягаў службе ў войску. Чаму такі дысананс паміж рашэньнямі і дзеяньнямі розных органаў улады?). Але гэта нас не павінна цікавіць: мы маем тое, што маем, а менавіта сытуацыю, у якой улада прамаўляе пра лібэралізацыю грамадзкага жыцьця і адначасова дапушчае грубыя парушэньні Канстытуцыі ў дачыненьні да маладых апазыцыянэраў, якіх мы з поўным правам можам назваць новымі беларускімі палітычнымі вязьнямі.

Ілюзіянізм

Абставіны прызыва гэтых хлопцаў у войска павінны адназначна нагадаць усім нам, чаго вартая лукашэнкаўская “лібэралізацыя”. Кіраўнік Беларусі дзесяцігодзьдзе ствараў для Крамля ілюзію інтэграцыі і будаўніцтва так званай “саюзнай дзяржавы”. Цяпер жа проста надыйшоў час ствараць новую ілюзію - ілюзію дэмакратычных пераўтварэньняў - для новага гледача - Эўрапейскага зьвязу. Людзі, больш-менш знаёмыя з характарам пануючага ў Беларусі рэжыму, не павінны дазваляць сабе ані малейшай слабіны і эўфарыі датычна беларускай “адлігі”, як бы гэтага не хацелася.

А канечне ж, вельмі хочацца, нарэшце, паверыць, што Беларусь робіць крокі ў кірунку цывілізаванага і свабоднага грамадзкага ладу. Але рэжым ведае пра гэту слабасьць, ведае, што шмат хто ў апазыцыі стаміўся біцца галавой аб лёд і мог бы пайсьці на кампрамісы. І менавіта гэтага ён і чакае: сыходу з барыкадаў узамен на ілюзію магчымасьцяў дыялёга. Гэта здолее і стварыць патрэбную карцінку перад ЭЗ, і адцягнуць сілы і ўвагу апазыцыі ад радыкальных пратэстаў: зойме час, пакуль апазыцыянэры канчаткова пераканаюцца, што рэжым ня здольны да дамоваў і да прытрымліваньня абяцаньняў. І толькі Зянон Пазьняк цягам усіх гадоў нязьменна цьвердзіць пра немагчымасьць дыялёгу - і нязьменна ў выніку мае рацыю.

Таму пра сапраўдную адлігу і лібэралізацыю грамадзка-палітычнага жыцьця можна будзе казаць не раней, чым апазыцыйныя палітыкі зьявяцца ў беларускім парлямэнце і ў жывым этэры на БТ. Перад гэтым можна казаць пра ня болей, чым тактычныя гульні.

Чым лепей з фінансамі, тым горай з дэмакратыяй

Ніколі нельга забывацца, з кім мы маем справу. Розныя “экспэртныя камісіі”, што зараз актыўна свараюцца ўладай і куды клічуцца прадстаўнікі апазыцыі і неляяльнай грамадзкай супольнасьці, маюць сваёй першаснай задачай быць шырмай і дэманстрацыяй для Захада. Узровень жа рэальных лібэралізацыйных паслабленьняў у палітыцы наўпрост залежыць ад цяжкасьці фінансавага становішча рэжыма і яго кантролем над сытуацыяй у краіне. Як толькі зьявяцца адзнакі паляпшэньня эканамічнай сытуацыі (празь лібэралізацыю ў эканоміцы і эўрапейскую дапамогу), грамадзка-палітычная лібэралізацыя можа быць згорнутая яшчэ больш імкліва, чым яна зараз нібыта разгортваецца.

І менавіта гэта трэба памятаць тым, хто быў запрошаны ў гэныя камісіі - спадарам Вардамацкаму, Раманчуку, Багданкевічу, Сярэдзічу прадстаўнікам БХК і Руху “За Свабоду” і іншым. Уладзе не патрэбныя камісіі па правох чалавека ці па СМІ - ёй трэба толькі, каб у гэтыя камісіі пагадзіліся пайсьці апазыцыянэры і каб такім чынам можна было прадэманстраваць сваю нібыта ўвагу да меркаваньня грамадзянаў.

Што рабіць

Для апазыцыянэраў і праваабаронцаў, у сваю чаргу, было б нелягічным не выкарыстоўваць нават ілюзорныя магчымасьці, якія прадстаўляе “лібэралізацыя”, але трэба ўсьведамляць, што збліжэньне з уладаю ў рамках такіх камісіяў павінна трымаць у напружаньні 24 гадзіны ў дзень. Пры самай першай нагодзе з гэтай камісіі трэба сыходзіць, трэба бурыць патрэбную рэжыму карцінку “згоды і паразуменьня”.

Такой нагодай можа быць разгон дэманстрацыі, зьняволеньне апазыцыянэра, закрыцьцё газэты. Незаконнае накіраваньне апазыцыянэра ў войска - між іншым, таксама дастатковая прычына, каб загадзя адмовіцца ад супрацы з уладамі. Заява пра выхад павінна быць напагатове ў літаральна любы момант, гэта хоць і мізэрны, але вагар уплыву на дыктатуру. Ігнараваньне азначаных выпадкаў будзе ператвараць апазыцыйных экспэртаў зь перамоўшчыкаў у калябарантаў.
І апошняе. Як найбольш актыўная і бескампрамісная частка супраціву, у час так званай “лібэралізацыі” моладзь можа трапіць пад удар мацней за ўсіх. “Дарослую” апазыцыю можна нэўтралізаваць пасадамі і псэўда-дыялёгамі. Моладзь такімі рэчамі заманіць значна складаней - а таму пад шумок лібэралізацыйнай эўфарыі яе можна будзе даціснуць фізычна - выганяць з ВНУ за нібыта дрэнныя адзнакі, заклікаць у войска, разьмяркоўваць у аддаленыя раёны. Будзьце пільнымі. Лібэралізацыя грамадзка-палітычнага жыцьця ў Беларусі не пачыналася і хутчэй за ўсё, насамрэч, не плянуецца.

Комментарии

Вот, блин,

Вот, блин, "недолиберализация" - призвали в ВС двух доходяг (по совпадению еще и т.н. демократических активистов) - а уже вони на пол-Европы, что "нет либерализации никакой и вся л-я - фикция!" Если Вам завтра запретят мазать, извиняюсь, экскрементами стены в общественных местах - это тоже будет свидетельствовать об отсутствии либерализации?
Военные просто сделали то, что должны были сделать. Не надо передергивать.
По АГЛ - блин вроде только налаживаться начинает, запахло приятельскими отношениями с ЕС - так на тебе - ату его - не надо нам дружить с ЕС, депеши шлют уже, типа, ЕС - не дружи с РБ - там же нет либерализации! А мы, такие все белые и пушистые, будем дальше бороться. Уже почти 13 лет боремся и готовы еще столько же. Мерзость.

Хлопцаў

Хлопцаў прызвалі ў войска з парушэньнем працэдуры прызыву і іншых законаў. Гэта - яўныя палітычныя рэпрэсіі, а ня проста заклік маладых людзей у войска