|
|
|
З працы звальняюць моладзевага актывіста03/14/2008 - 03:31 / Радыё СвабодаСябра аргкамітэту дзеля стварэньня “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” Паўла Наздру звальняюць з працы. Павал працуе ў Мазырскім пэдагагічным унівэрсытэце электрыкам. Ён сьцьвярджае, што адміністрацыя ўнівэрсытэту загадала ягонаму начальніку звольніць яго. Павал Наздра падаў скаргу ў пракуратуру, каб правялі праверку і адмянілі заўвагу, якую яму занесьлі ў асабовую справу 7 сакавіка. У гэты дзень у аддзеле кадраў зрабілі запіс пра тое, што Павал выйшаў з унівэрсытэцкага інтэрнату, дзе знаходзіцца ягонае працоўнае месца, на 15 хвілінаў раней, чым належыць. Сёньня Паўла зноў запрасілі ў аддзел кадраў, каб заднім днём заключыць дамову аб пераводзе яго ў інтэрнаце на паўстаўкі. Як высьветлілася, паводле дакумэнтаў працоўнае месца ў Паўла на момант, калі яму рабілі заўвагу, было не ў інтэрнаце, а ў іншым месцы. Таму праверка прызнала б загад незаконным. Павал Наздра паведаміў “Свабодзе”, што праблемы на працы ў яго пачаліся пасьля таго, як напрыканцы лютага ў пратэстанцкую “Царкву Ісуса Хрыста” наведаліся прадстаўнікі гарвыканкама і мясцовага КДБ. “Сталі выклікаць нашых актывістаў на працы, на вучобе і сталі размаўляць зь імі. І супрацоўнікі КДБ размаўлялі. У мяне таксама пачаліся праблемы на працы. Мяне выклікаў да сябе галоўны энэргетык і паведаміў, што нада мной згусьціліся хмары. Ён казаў, што мяне зьбіраюцца звольніць з унівэрсытэта, што рэктар зьбіраў сваіх падначаленых і матамі казаў звольніць мяне з унівэрсытэту. Мой кіраўнік сказаў, што ён нічога ня можа зрабіць. Казаў, што яго папярэдзілі: калі ён гэтага ня зробіць, то яго самога звольняць”. Павал Наздра лічыць, што адміністрацыя ўнівэрсытэту атрымала загад звольніць яго з працы. “Мне галоўны энэргетык казаў, што гэта не з-за працы, а за заняцьце палітыкай. Думаю, што адміністрацыя ня хоча, каб у яе былі праблемы з КДБ і з вышэйстаячымі кіраўнікамі з-за таго, што ў іх працуе апазыцыянэр. Нельга трымаць апазыцыянэраў на працы”. Начальнік Паўла Наздры, галоўны энэргетык Аляксандр Грыніч патлумачыў “Свабодзе”: “Толькі ведаю, што ён недзе займаецца распаўсюджваньнем нейкай літаратуры. Іншых прычэпак у мяне да яго няма. Ну, проста кантракт заканчваецца 31 сакавіка. Проста, згодна з заканадаўствам, кожны наймальнік мае права не заключаць кантракт... Ну, вы разумееце. Усе добра бачаць... Калі чалавек сыходзіць а пятай гадзіне, то ўсе бачаць, што гэта а пятай гадзіне”. Пасьля таго як пратэстанцкую царкву наведалі мясцовыя чыноўнікі, увагу спэцслужбаў прыцягнула таксама студэнтка ўнівэрсытэту Кася Манчук. Яе час ад часу выклікаюць на размовы ў дэканат і прапаноўваюць спыніць грамадзкую дзейнасьць. Супрацоўнікі мазырскага КДБ наведваюць школы, вучні якіх удзельнічаюць у масавых акцыях. На размовы да дырэктараў выклікаюць і бацькоў школьнікаў-апазыцыянэраў. |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Отправить комментарий