Скрабцы абвясьцілі бестэрміновую галадоўку
03/11/2008 - 00:02 / "Наша Ніва"Браты Сяргей і Аляксандар Скрабцы сёньня абвясьцілі бестэрміновую галадоўку пратэсту. Такім чынам Скрабцы зьбіраюцца дамагацца вызваленьня з турмаў палітвязьняў Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма.
«Мы доўга абмяркоўвалі з братам, ці варта пачынаць галадоўку. Вырашылі, што ўсё ж трэба. Асабліва цяпер, калі і ЗША і Эўрасаюз адзінагалосна патрабуюць вызваленьня беларускіх палітвязьняў. Наша краіна цяпер знаходзіцца ў цяжкім палітычным і эканамічным становішчы», – кажа былы дэпутат палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец.
Пакуль галадаць будуць толькі яны удвух, але былы палітвязень упэўнены, што іхнюю акцыю пратэсту падтрымаюць і іншыя грамадзкія дзеячы. Сяргей Скрабец кажа, што сам асабіста прасіў Казуліна, каб спыніў галадоўкі, дзеля ягонага здароўя.
Для Сяргея Скрабца гэта ўжо сёмая ці восьмая галадоўка, ён сам ужо ня можа ўзгадаць дакладную лічбу. Апошні раз такім чынам ён пратэставаў яшчэ ў віцебскай турме. Перад самым вызваленьнем Скрабец у знак салідарнасьці з Казуліным адмаўляўся ад ежы цягам амаль 25 дзён. Па словах Сяргея, ягоны брат таксама мае досьвед галаданьня, але ўжо досыць даўні.
«Мы ня будзем рабіць з галадоўкі нейкае шоў. Ляжаць у пакоі, каб да нас прыходзілі журналісты і дыпляматы. Будзем галадаць актыўна, працягваць удзельнічаць у палітычным жыцьці краіны. Абавязкова прымем удзел у сьвяткаваньні Дня Волі», – кажа Сяргей Скрабец.
Зьміцер Панкавец
Отправить комментарий