|
|
|
За родную мову беларусы мусяць плаціць даражэй02/22/2008 - 02:53 / Радыё СвабодаУ менскіх бюро перакладчыкаў за пераклад тэксту не на расейскую, а на беларускую мову з кліентаў бяруць больш грошай. Нашая карэспандэнтка пацікавілася ў перакладчыкаў, чаму пераклад на родную мову каштуе беларусам даражэй, чым на расейскую. У бюро перакладчыкаў “Лантрейдинг” за пераклад кароткай даведкі з польскай мовы на расейскую бяруць 28 тысяч рублёў. Калі я папрасіла перакласьці яе на беларускую, то перакладчыца спачатку шчыра спытала: “А навошта вам? Даведка ў ваенкамат падаецца на расейскай мове”. І адразу дадала: “У нас жа дзьве мовы, значыць, трэба рабіць па-расейску”. Пасьля мне паведамілі, што пераклад на беларускую будзе каштаваць на 9 тысяч рублёў даражэй. Чаму? Таму што такія правілы, адказалі мне. Па тлумачэньне я зьвярнулася да дырэктара бюро перакладчыкаў “Лантрединг” Максіма Караванава: “Мы перакладаем спачатку на расейскую, а потым на беларускую мову”. Карэспандэнтка: “Чаму?” Караванаў: “Таму што перакладчыца думае па-расейску. Альтэрнатыву нейкага слова... Ёй спачатку ў галаву прыходзіць па-расейску, а потым яна думае, як яго сказаць па-беларуску. Вось я, напрыклад, чэснае слова, ня думаю па-беларуску. Магу размаўляць, але нараблю вельмі шмат памылак. Па-расейску я размаўляю прыгожа, чэснае слова. Пішу, вядома, з памылкамі”. Карэспандэнтка: “Чаму так атрымліваецца, што, калі чалавек хоча атрымаць нейкі дакумэнт на беларускай мове, мусіць плаціць даражэй?” Карэванаў: “Таму што ён хоча. Разумееце? Гэта ягонае жаданьне, а свае жаданьні трэба суадносіць з чужымі магчымасьцямі”. У бюро перакладчыкаў “Транстэрра” цэны ніжэйшыя, але за пераклад на беларускую мову ўсё роўна бяруць даражэй. “З польскай на расейскую будзе каштаваць 10 тысяч. А з польскай на беларускую?.. Ведаеце, мне трэба ўдакладніць, бо зрэдку зьвяртаюцца да нас зь беларускай мовай... На расейскую будзе каштаваць 10 000, на беларускую – 12 000. Беларускі перакладчык – гэта дадатковая складанасьць, хаця чалавек і валодае гэтай мовай”. Карэспандэнтка: “А чаму тады даражэй?” Каардынатар бюро: “Таму што перакладчыку складаней перакладаць на беларускую, чым на расейскую”. У ваенкамаце Савецкага раёну Менску паведамілі, што ўсе дакумэнты мусяць быць на расейскай мове. Кіраўнік аддзелу, адказны за вайсковы прызыў, патлумачыў, што ў Міністэрстве абароны адна мова – расейская. |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Отправить комментарий