Моладзь цікавіцца эканамічнай сітуацыяй у Беларусі
02/19/2008 - 14:10 / Моладзь.орг17 лютага ў Мінску адбылася сустрэча моладзі з вядомым эканамістам Кірылам Гайдуком па тэме “Эканамічная сітуацыя ў Беларусі ў новых умовах”.
Сустрэча была прысвечана абмеркаванню эканамічных праблем, з якімі сутыкнулася Беларусь на сучасным этапе. Кірыла Гайдук пазнаёміў моладзь з аб’ектыўнай, найбольш поўнай і праўдзівай інфармацыяй. Сустрэча прайшла ў сяброўскай атмасферы. Кірыла Гайдук распавёў пра становішча эканомікі ў даступнай форме, бо не ўсе людзі добра разбіраюцца ў эканамічнай тэорыі.
На сустрэчы былі прыведзены лічбы, схемы і графікі, якія ў поўнай ступені адлюстроўваюць параўнаўчы аналіз эканомікі нашай краіны з краінамі цэнтральнай і ўсходняй Еўропы. Можна адзначыць, што на працягу апошніх гадоў ў Беларусі ўзрастае эканамічная актыўнасць, а наш эканамічны ўздым можна параўнаць з аналагічным паказчыкам у Літве і Эстоніі, узровень прыбытка – як у Румыніі, сярэдні заробак – як у Балгарыі.
Кожны дзень мы чуем, што Беларусь абрала сацыяльна накіраваную эканамічную палітыку, але гэта не зусім так. Усе памятаюць, што ў мінулым годзе адбылася адмена ільгот і сацыяльных гарантый, была ўведзена кантрактная сістэма, таксама ў апошні час панізіліся выдаткі на сацыяльныя патрэбы. Што датычыцца агульных эканамічных паказчыкаў, то можна сказаць, што безумоўна мы адстаем ад краін Еўропы і нашых суседзяў.
Насамрэч, сказаць, што ў нас усё вельмі дрэнна нельга. Канешне, праблемы існуюць і іх даволі шмат, але мы ў стане вырашаць іх. Вельмі хочацца спадзявацца, што такія сустрэчы прынясуць карысць нашай моладзі, бо будучыня менавіта за ёй і ў хуткім часе ім прыйдзецца займаць пасады і разлічваць грошы на ўсялякія патрэбы.
Отправить комментарий