|
|
|
Да Менску не даляцелі02/14/2008 - 16:10 / Радыё СвабодаСёньня раніцай на лётнішчы армянскай сталіцы Ерэвану пацярпеў крушэньне пасажырскі самалёт кампаніі “Белавія”.
Самалёт канадзкай вытворчасьці CRJ-100 на ўзьлёце нечакана страціў раўнавагу і, зачапіўшы крылом бэтон, пачаў куляцца. У выніку борт разваліўся на дзьве часткі і загарэўся. Больш за два дзясяткі пасажыраў, уключна зь пілётамі, былі выратаваныя службамі аэрапорту. Некалькі чалавек шпіталізаваныя з апёкамі. Гэта першы выпадак надзвычайнага здарэньня з пасажырскім самалётам у гісторыі незалежнай Беларусі. Катастрофы транспартных суднаў беларускіх авіякампаній з чалавечымі ахвярамі здараліся неаднаразова. Як паведамілі ў амбасадзе Армэніі ў Менску са спасылкай на нацыянальныя авіяцыйныя службы, у выніку катастрофы самалёту, які належыць кампаніі “Белавія”, сем чалавек з траўмамі і апёкамі шпіталізаваныя. Беларускія грамадзяне — трое пілётаў і адна пасажырка — не пацярпелі. Дастаўку людзей у Менск праз Маскву і Кіеў возьмуць на сябе іншыя авіякампаніі. Супрацоўніца дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Ганна Курыцкая паведаміла, што, паводле папярэдняй інфармацыі, на борце знаходзіліся грамадзяне розных краінаў: “Там усяго было 18 чалавек, у тым ліку грамадзяне Армэніі, Грузіі, Беларусі, а таксама расейцы і ўкраінцы. Іншымі словамі, 18 чалавек, а колькі сярод іх аказалася розных нацыянальнасьцяў! Дзякуй Богу, канечне, што ўсё для іх адносна добра завяршылася. Сем чалавек зараз у бальніцах, шпіталізаваныя. Паведамляецца, што асабліва цяжкіх выпадкаў няма”. Па факце крушэньня пасажырскага самалёту ў міжнародным аэрапорце “Звартноц” Беларусь правядзе ўласнае расьсьледаваньне. У склад адмысловай камісіі таксама мяркуецца прыцягнуць прадстаўнікоў завода-вытворцы. Сёньня апоўдні група экспэртаў на чале з кіраўніком дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Вадзімам Мельнікам вылецела зь Менску ў Ерэван. У яе складзе — авіяспэцыялісты, супрацоўнікі КДБ і Генпракуратуры. На месцы здарэньня яны высьветляць: чаму пацярпеў аварыю адзіны ў парку “Белавія” канадзкі самалёт? Як удакладняе Ганна Курыцкая, пасьля здарэньня пад пытаньнем набыцьцё іншых самалётаў гэтага клясу: “Летась увогуле плянавалася набыць два самалёты CRJ-100. Але пасьпелі купіць пакуль адзін — вось гэты, як выявілася, “фатальны”. Аднак у плянах на 2008 год усё ж значыцца набыцьцё другога, паколькі не пасьпелі летась. Ня ведаю, можа, цяпер гэтыя пляны і зьменяцца. То бок плянаваліся яшчэ тры “Боінгі” і CRJ-100. Казаць, наколькі гэта будзе рэальна, пакуль не выпадае”. Як удакладнілі ў “Белавія”, канадыйскі CRJ-100 канцэрну “Бамбардзье” -- самалёт рэгіянальнага прызначэньня. Арыентаваны ён перадусім на невялікую колькасьць пасажыраў і выкарыстоўваецца для частых палётаў. Лёгкі ў кіраваньні, што практычна выключае памылкі з боку экіпажа. У салёне 10 месцаў бізнэс-клясу і 40 — эканом-клясу. На рэйсах “Белавія” самалёт, які ўжо не паддаецца аднаўленьню, роўна год — зь лютага 2007-га. Апошняе абслугоўваньне праходзіў у Даніі. Машына 1999 году, што па авіяцыйных мерках — як 2—3-гадовая іншамарка, калі браць для У сувэрэннай Беларусі гэта ўпершыню. Яшчэ нядаўна мы хваліліся, што ў гэтым пляне ў нас усё ў парадку. І, бачыце адбылося такое непрыемнае здарэньне. Але было б куды страшней, каб загінулі людзі Зацікаўленыя ведамствы пакуль не камэнтуюць магчымыя прычыны аварыі, але кажуць, што тэхнічны стан самалёту не выклікаў нараканьняў. Неспрыяльнае надвор'е ня можа быць вырашальным фактарам для сучасных самалётаў. Канчаткова сытуацыя будзе зразумелая пасьля расшыфроўкі “чорных скрыняў”. У дэпартамэнце авіяцыі кажуць, што гэта першы сур'ёзны выпадак з пасажырскімі самалётамі: “Менавіта што тычыцца пасажырскіх перавозак, то так. У сувэрэннай Беларусі гэта ўпершыню. Яшчэ нядаўна мы хваліліся, што ў гэтым пляне ў нас усё ў парадку. І, бачыце адбылося такое непрыемнае здарэньне. Але было б куды страшней, каб загінулі людзі”. Іншыя катастрофы з удзелам беларускіх самалётаў прыпадаюць на часы савецкага “Аэрафлоту”. У 1982 годзе над Нараўлянскім раёнам разваліўся Як-42. 132 пасажыры і чальцы экіпажу падалі проста зь неба. У лютым 1985-га, узьняўшыся з аэрапорту “Менск-2”, самалёт ТУ-134 зь лепшымі студэнтамі БДУ, уганараванымі паездкай у Ленінград, рухнуў у раёне Смалявічаў — з 80 пасажыраў і пілётаў выжылі 22. У сьнежні 1986-га пры заходзе на пасадку ў Бэрлінскім аэрапорце пацярпеў крушэньне такі ж ТУ-134. Загінулі ўсе пасажыры (пераважна нямецкія школьнікі) і экіпаж. 20 гадоў таму, у лютым 1988-га, блізу пасадачнай паласы зваліўся самалёт Менск-Цюмень-Сургут. Выратаваліся 25 чалавек. Нестандартны выпадак адбыўся ўжо ў часы незалежнай Беларусі. У 1992-м на лётнішчы Ўладзівастоку разваліўся самалёт Ту-154 беларускай прыпіскі, які з “чаўнакамі” на борце вяртаўся з Кітаю. Машына папросту ня вытрымала перагрузу, пацярпелых не было. Летась у сакавіку ў Самалі пацярпелі крушэньне два транспартныя самалёты “Іл-76”, якія працавалі ў Афрыцы пад эгідай ААН. Абодва былі зьбітыя баевікамі мусульманскіх груповак. У першым выпадку экіпаж здолеў ажыцьцявіць аварыйную пасадку, а праз два тыдні 11 пілётаў і тэхнікаў другога самалёту, які вывозіў парэшткі першага, загінулі. У 2006-м шасьцёра беларускіх пілётаў загінулі пры падзеньні такога ж транспартнага самалёту ў Танзаніі. У тым жа годзе падчас крушэньня АН-24 у складзе інтэрнацыянальнага экіпажу загінуў лётчык з Горадні. |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Отправить комментарий