|
|
|
У турме на Акрэсьціна - 23 удзельнікі акцыі01/13/2008 - 02:33 / Радыё СвабодаУсіх арыштаваных удзельнікаў акцыі пратэсту супраць палітыкі ўладаў у дачыненьні да малога бізнэсу ў Беларусі, якая адбылася 10 студзеня ў Менску, трымаюць у турме на вуліцы Акрэсьціна. Супрацоўнікі спэцпрыёмніка пагадзіліся прыняць ад сваякоў толькі цёплыя рэчы і прадметы асабістай гігіены. Ежу не перадалі ніводнаму з арыштаваных. Сярод арыштаваных – лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка, прадпрымальнік Уладзімер Шыла, моладзевыя актывісты Аляксандр Баразенка, Ян Міхайлаў, Сяргей Клюеў, Арцём Дубскі ды іншыя. Міхась Крываў у судзе “Мяне затрымалі на праспэкце Незалежнасьці, зацягнулі ў “аўтазак”, кінулі на падлогу. Байцы спэцназу міліцыі білі ў патыліцу дубінкамі. Білі ўсіх, хто там знаходзіўся. Дзяўчат таксама білі і зьдзекаваліся маральна. Казалі ўсялякія непрыстойнасьці, абражалі”. Студэнтка ўнівэрсытэту фізкультуры Тацяна Цішкевіч была зьбітая спэцназаўцамі ў “аўтазаку”. У судзе яна прадэманстравала куртку, залітую крывёю. Нягледзячы на тое, што міліцыянты не давалі нікому наблізіцца да затрыманых, Тацяна пасьпела сказаць некалькі словаў, калі яе выводзілі з судовай залі. “На мяне вельмі гучна крычалі матам, білі... Абзываліся ўсяляк”. Тацяна Цішкевіч у судзе Пасьля таго, як пачаў дзейнічаць новы Адміністрацыйна-выканаўчы кодэкс, супрацоўнікі спэцпрыёмнікаў больш не прымаюць для арыштаваных харчовыя перадачы. У судзе сябры і сваякі затрыманых таксама зь цяжкасьцямі могуць перадаць толькі ваду. Бацькі Арсеня Пахомава, які цяпер адбывае 15 сутак арышту прасілі ў Цэнтральным судзе мэдыкаў “хуткай” паўплываць на сытуацыю і перадаць затрыманым ежу, але безвынікова. “Ён цяпер хварэе. У яго грып, апроч таго, горла, насмарк, хворы страўнік. Я прасіла перадаць каплі ў нос і таблеткі. Вельмі хвалююся. Ня ведаю, ці галодны ён, які ягоны стан. Але ўзялі цёплы швэдар”. Другі сакратар амбасады ЗША Стывэн Гілан выказаўся Радыё Свабода, што трымаць людзей некалькі гадзінаў без вады і ежы ёсьць парушэньнем іх элемэнтарных правоў: “Мы спадзяемся, што ў будучыні ўлады лепш будуць клапаціцца пра гэтых маладых людзей”. Людзі, якія адбываюць арышты пасьля ўвядзеньня новых правілаў, адзначаюць, што харчаваньне ў турмах стала значна горшае. Цяпер на сьняданак даюць шклянку гарбаты і кавалак хлеба. Абед спалучаюць зь вячэрай – суп, каша і шклянка гарбаты. У камэрах холадна. Не хапае сьвежага паветра. На шпацыр нікога не выводзяць. Апроч таго, так званых “палітычных” не вывозяць на грамадзкія працы. Душ дазваляецца раз на тыдзень. |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Отправить комментарий