Напад на актывіста Руху "За Свабоду"
01/04/2008 - 21:25 / milinkevich.orgУвечары 2 студзеня ў Пінску ў пад’езьдзе свайго дому быў зьбіты 52-гадовы актывіст Руху “За свабоду” Кастусь Чувак. Міліцыя не хоча караць злодзея.
Са слоў спадара Кастуся, ён ведае ў твар чалавека, які на яго напаў, бо некалькі разоў бачыў яго раней, але асабіста не знаёмы. Калі-нікалі паміж Кастусём і незнаёмцам завязваліся размовы, у тым ліку па палітычных пытаннях. Нападнік ніколі раней не хаваў свайго негатыўнага стаўлення да нацыянальна свядомых грамадзянаў.
У аўторак увечары актывіст Руху у двары свайго дому чарговы раз сустрэў гэтага чалавека. Апошні пачаў абражаць спадара Кастуся і пераследаваў яго да самага пад’езда. Ля ліфту нападнік моцна стукнуў сп. Кастуся па галаве, потым, калі той упаў, біў безабароннага чалавека нагамі. Падчас збіцця ён прыгаворваў: “Можаш ісьці скардзіцца, але табе ніхто не паверыць, бо мяне ў міліцыі і КГБ усе ведаюць, у мяне там добрыя сувязі”.
Да чацвярга стан збітага актывіста не палепшыўся. Ўвечары а 22-й гадзіне Кастусь Чувак выклікаў хуткую дапамогу. З падазрэннем на страсенне мозгу спадара Кастуся шпіталізавалі.
Увечары да пацярпелага ў шпіталь прыйшлі двое следчых, якія паводзілі сябе вельмі дзіўна. У размове, калі спадар Кастусь пачаў апісваць прыкметы злодзея, міліцыянат прагаварыўся, што ведае гэтага чалавека. Інтарэс следчых да справы адразу знік. “Трэба правесьці сьледства, а там пабачым,” – сказаў адзін з аператыўнікаў. Следчы па прозвішчу Місюкавец “міралюбіва” сказаў Кастусю Чуваку: “Ну расказвай, не бойся, я цябе біць не буду, калі што не так скажаш”.
Міліцыянты прынялі заяву, але настойліва рэкамендавалі пацярпеламу не патрабаваць узбуджэння крымінальнай справы. Выглядае, што міліцыя не надта хоча караць злодзея.
Отправить комментарий