22 жніўня ў Менску адбылася прэзентацыя шостага нумару альманаху сучаснае беларускае культуры
Тэма нумару: [вёска]. Вёска – адзін з базавых беларускіх мітаў, які суправаджае нязьменны нэгатыўны фон: ад лапцей ды “гнілой хаткі” да інструмэнта савецкай прапаганды (“мы з вас, беларусаў, індустрыяльную краіну зрабілі”) ды Менску як галоўнага аграгарадку. Вёска -“беларускі сусьвет” (Сяргей Харэўскі) і “дакучлівы кашмар беларускага праекту” (Ігар Бабкоў).
Ці ёсьць беларусы “вясковай” нацыяй? Што робяць вяскоўцы ў горадзе - і з горадам? Чым уразіўся Зьміцер Вайцюшкевіч, упершыню трапіўшы “ў горад”? Беларуская літаратура – вясковая ці гарадзкая? – пытаньні, на якія можна знайсьці адказы на старонках новага нумару часопісу pARTisan.
Раскрыцьцё тэмы адбываецца рознымі сродкамі: праз культуралягічную дыскусію, мастацтвазнаўчыя разборы, эсэістыку, расповеды з сэрыі “выпрабавана на сабе” ды інтымныя прызнаньні рок-зорак.

Сярод аўтараў шостага нумару - філёзафы Валянцін Акудовіч і Ігар Бабкоў, этнакультуроляг Тодар Кашкурэвіч, мастацтвазнаўцы Сяргей Харэўскі ды Тацяна Бэмбель, культуроляг Максім Жбанкоў, літаратар Адам Глёбус, паэт Андрэй Хадановіч, “фрашкіст” і журналіст Севярын Квяткоўскі ды інш.
Артур Клінаў, галоўны рэдактар часопіса pARTisan: “Адной з канцэптуальных задачаў pARTisan’а ёсьць спроба разабрацца з усімі беларускімі балючымі кропкамі, тэмамі і комплексамі. Натуральна, вёска - адна з такіх “вечных” тэмаў беларускай мэнтальнасьці, культуры і гісторыі. Нумар за нумарам мы намагаемся паступова намацваць праблему, прэпараваць яе і прэзэнтаваць вынікі грамадзтву ў каляровым глямурна-глянцавым выглядзе”.
Даведка: [чым ёсьць pARTisan]. Часопіс partisan займае адметнае месца у беларускай мэдыя- і культурнай прасторы. pARTisan – удалая спроба трансфармаваць у пераканальны брэнд адвечную схільнасьць беларусаў гуляць з жыцьцём у хованкі (па Валянціну Акудовічу).
Першапачаткова праект partisan быў спробай публічнай прэзэнтацыі актуальнага мастацтва Беларусі за межамі краіны. Пазьней пераўтварыўся ў альманах сучаснае беларускае культуры. На сёньняшні дзень акрамя мастацкага вэктару, pARTisan мае і інтэлектуальны, займаючыся адбудоўваньнем істотных да зразуменьня наяўнай сытуацыі канцэптаў. Інтэлектуальная плынь “мысьленьня пра Беларусь” сустракаеца на старонках pARTisan’у з неканвэнцыйнымі мастацкімі тэкстамі.