Перайсьці на новыя правілы артаграфіі і пунктуацыі хочуць у 2010 годзе
07/27/2007 - 20:46 / Радыё СвабодаКамісія па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў, якая рыхтуе законапраект “Аб правілах артаграфіі і пунктуацыі”, прапануе, каб закон уступіў у дзеяньне 1 верасьня 2010 году.
Мяркуецца, што законапраект у першым чытаньні вынясуць сёлета на восеньскую сэсію Палаты. А канчаткова (другое чытаньне, разгляд у Савеце Рэспублікі й падпісаньне кіраўніком дзяржавы) ён будзе прыняты да верасьня 2008 году.
Яшчэ два гады дэпутаты прапануюць аддаць “на вырашэньне ўсіх арганізацыйных пытаньняў ва ўжываньні новых правілаў”, – паведаміў старшыня камісіі Ўладзімер Здановіч.
Мовазнаўца Зьміцер Саўка з гэтай нагоды сказаў Радыё Свабода:
“Мая пазыцыя ад пачатку была адназначная: ніякія зьмены ў афіцыйны правапіс ня могуць уносіцца ва ўмовах, калі беларуская мова дэ-факта выгнаная з усіх афіцыйных сфэраў ужываньня — акрамя адукацыйнай.
Што да пераносу тэрмінаў. Законапраект у зьместавай частцы абсалютна не падрыхтаваны, супярэчлівы, фрагмэнтарны. Там ёсьць нават плягіят — пазьдзіраныя зь некаторых кніжак цэлыя фрагмэнты. І тое, што ў камісіі ёсьць людзі, дастаткова крытычна настаўленыя да зьместу праекту, якраз, як я думаю, змушае дэпутатаў да больш узважаных дзеяньняў — чым пазьней прыняць гэты праект”.
Уладзімер Глод, Менск
Отправить комментарий