Третий путь
ГлавнаяНовостиПубликацииДумкарэйКолонкиБиблиотекаВопрос-ответСсылки о нас
ru bydeeng Прямое действие:
18 Октября, Суббота, 17:30
Либеральный взгляд
Надежда
читать похожие материалы

цитата:
Пропаганда — это искусство убеждать других в том, во что сам не веришь
А. Эбан
связь с нами:
Если вам интересно то что мы делаем - не стесняйтесь писать письма. Мы будем рады.
       контакт       
Кампании:
За наших!
За свободу политзаключенных!
Save Hrodna!
Campain for saving the city from demolition!
«Перемен.инфо»
Cайт альянса "Время побеждать!". Голосование, текст манифеста, комментарии, критика.
Солидарность байнета
день солидарности в байнете
«Вернем свое!»
Гражданская кампания против отмены социальных льгот
« декабрь 2008
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
1 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31        

Жанна ЛІТВІНА: «Поўнасцю запатрабаваным можа быць толькі прафесіянал


06/10/2007 - 22:59 / БАЖ

На пытанні рэдакцыі «А» адказвае старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна.

— З аднаго боку, сапраўды, мы працягваем заставацца закладнікамі тых традыцый, якія склаліся цягам апошніх 12 гадоў. Я маю на ўвазе тое, што, па-першае, абсалютна рэальныя, дзейсныя суб’екты беларускай палітыкі — гэта кіраўнік дзяржавы і выканаўчая вертыкаль — увесь гэты час дыктавалі правілы, нормы ўзаемадачыненняў улады і прэсы. Па сутнасці, яны здзяйснялі дзяржаўнае рэгуляванне і кантроль тых працэсаў, што адбываліся ў інфармацыйнай прасторы.

З другога боку, пэўны час лідэры дэмакратычнай апазіцыі не мелі канкрэтнай праграмы ў дачыненні да сродкаў масавай інфармацыі. Толькі падчас значных палітычных кампаній яны хацелі бачыць у недзяржаўнай прэсе сваю саюзніцу і былі зацікаўленыя, так бы мовіць, у асвятленні тых альбо іншых палітычных падзей. Аднак, падкрэслю яшчэ раз, яны не мелі дакладнай стратэгіі ў дачыненні да незалежных выданняў. Беларуская асацыяцыя журналістаў выказвала крытыку ў адрас дэмакратычнай палітычнай эліты, праграмныя патрабаванні якой абмяжоўваліся выключна доступам да дзяржаўных СМІ.

А праблема палягае ў іншым, і яна нашмат шырэйшая, звязаная з неабходнасцю дэманапалізацыі, раздзяржаўлення сродкаў масавай інфармацыі. Дабівацца проста доступу — гэта не толькі марная трата часу, гэта неразумна. Мы не аднойчы назіралі, як падчас прэзідэнцкіх выбараў палітычныя апаненты сістэмы атрымоўвалі часовы доступ да дзяржаўных СМІ, а назаўтра ў гэтых жа СМІ на поўную моц пачынала працаваць прапагандысцкая машына і проста «знішчала» ўчарашніх выступоўцаў…

Мне падаецца, што першыя крокі ў пабудове ці фармуляванні стратэгіі ў дачыненні да СМІ з боку палітычнай апазіцыі былі зроблены на Кангрэсе дэмакратычных сілаў больш як год таму. Тады ўпершыню ў выніковых дакументах былі вызначаныя чатыры неадкладныя крытэрыі. Пасля клімату даверу, пасля патрабавання спыніць палітычныя рэпрэсіі было прапісана: забяспечыць доступ палітычнай апазіцыі да дзяржаўных СМІ і стварыць роўныя ўмовы для дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі з рознымі формамі ўласнасці.

На сённяшні дзень стаіць звышзадача — аддзяліць уладу ад сродкаў масавай інфармацыі. А сама палітычная апазіцыя з’яўляецца носьбітам дэмакратычных каштоўнасцей, калі бярэ на сябе ролю лідэра і арганізатара руху за перамены. Думаю, сёння прыйшло ўсведамленне, што без сродкаў масавай інфармацыі дэмакратычным палітыкам не данесці сваё пасланне да шырокай грамадскасці Беларусі, не выказаць свае погляды і перакананні.

Неабходна падкрэсліць, што адмовіцца ад таталітарнага кантролю за распаўсюдам інфармацыі цяперашняя ўлада ўжо не ў стане. Яна проста не можа адрэгуляваць свае ўзаемадачыненні з прэсай, каб наблізіць іх да міжнародных стандартаў і стварыць умовы для свабоды выказвання.

— З гэтага вынікае, што самая галоўная задача — гэта раздзяржаўленне сродкаў масавай інфармацыі, іх дэманапалізацыя. Тут мы вельмі адрозніваемся ад нашых бліжэйшых суседзяў — Украіны і Расіі. Параўнальна нядаўна ў Маскве адбыўся «круглы стол», дзе абменьваліся думкамі беларускія і расійскія журналісты. Наколькі сітуацыя на рынку мас-медыя падобная ў гэтых краінах і чым яна розніцца?

— Самая галоўная адметнасць нашай дзяржавы ў параўнанні з суседнімі — той самай Украінай ці Расіяй — у тым, што на сёння там у прэсы шмат гаспадароў. І ўзровень вырашэння праблем, якія хвалююць нашых калег, зусім іншы: наколькі гэтыя гаспадары ўплываюць на кантэнт сродкаў масавай інфармацыі, наколькі яны лабіруюць свае патрэбы праз СМІ, якія ім належаць. Падчас сустрэчы калегі выказалі абурэнне з нагоды пашырэння манаполіі расійскіх уладаў на інфармацыйную сферу. Чаго толькі вартыя федэральныя тэлевізійныя каналы, дзе інфармацыйная палітыка вельмі жорстка кантралюецца.

Генеральны сакратар Расійскага саюза журналістаў Ігар Якавенка падчас «круглага стала» на першы план вылучыў праблему выцяснення самой прафесіі як са СМІ, так і з грамадскай свядомасці. Журналістаў імкнуцца выпіхнуць у сферу абслугі, навязаць не ўласцівыя нашай прафесіі функцыі.

Прэзідэнт Расійскага фонду абароны галоснасці Аляксей Сіманаў гаварыў пра тое, што забойствы журналістаў яны разглядаюць як метад вырашэння праблемаў самімі расійскімі ўладамі. І няма больш важнай задачы для Расійскага саюза журналістаў, як захаваць рэпутацыю журналістыкі.

Гэта даволі заўважна пераклікаецца з адным з самых важных нашых праграмных дакументаў — Маніфестам сумлення, які мы прынялі на апошнім з’ездзе БАЖ. Такім чынам, тэндэнцыя страты прэстыжу нашай прафесіі на сённяшні дзень мае, так бы мовіць, міжнародны характар.

Расійскія СМІ шырока прадстаўленыя ў нашай інфармацыйнай прасторы. Але з упэўненасцю можна сказаць, што іх прысутнасць тут ніякім чынам не вырашае асноўнай праблемы — забеспячэння нашага грамадства незалежнай, неангажаванай інфармацыяй пра ўнутраныя падзеі. Абсалютна канкрэтны прыклад: энергетычнае супрацьстаянне паміж Беларуссю і Расіяй, сведкамі якога мы былі зусім нядаўна. Гэта менавіта тая сітуацыя, якая патрабуе аналітыкі і ўдумлівага асэнсавання. Але нашы нацыянальныя беларускія СМІ не змаглі даць поўнай карціны і вызначыць першакрыніцы гэтага канфлікту, раскрыць яго галоўную прычыну — чаму насамрэч пагоршылася эканамічная сітуацыя ў Беларусі. Гэта тычыцца як дзяржаўных, так і незалежных рэдакцый. СМІ заўважылі, аднак, адсутнасць стратэгіі ў самой беларускай дзяржавы. Гэта можна прасачыць нават па газетных загалоўках. Напрыклад, 30 студзеня «Советская Белоруссия» друкуе інтэрв’ю кіраўніка дзяржавы Аляксандру Рару пад загалоўкам «Мы — неотъемлемая часть Европы». Праходзіць крыху больш за тыдзень, і 8 лютага ў «Звяздзе» публікуецца матэрыял паводле сустрэчы з лідэрам КПРФ Генадзем Зюганавым «Мы — мост паміж Расіяй і Захадам». Паўстае пытанне: дык мы «мост» ці ўсё ж такі «неад’емная частка Еўропы»?..

Нарэшце, стала абсалютна відавочна, што не толькі асобныя прадстаўнікі расійскай палітычнай эліты сёння мысляць імперскімі катэгорыямі, але і некаторыя журналісты. Бывае цяжка правесці мяжу — дзе выступы альбо выказванні таго самага Жырыноўскага, а дзе — Міхаіла Лявонцьева, дзе меркаванні Глеба Паўлоўскага, а дзе — вядомага расійскага тэлевядучага Уладзіміра Салаўёва. Планка прафесійнай этыкі апусцілася да адзнакі клікунства і абразлівасці.

Прывяду літаральна некалькі выказванняў, напрыклад, Уладзіміра Салаўёва: «Мы не поддерживали никого на их выборах, вообще не говорили про наших журналистов, которые исчезли и о которых просто никто не вспоминал. Мы всегда делали вид, что все нормально. Мы просто танцевали на цыпочках, лишь бы не обидеть соседей».

Альбо Міхаіл Лявонцьеў, які ў сваіх развагах ідзе яшчэ далей: «Границы России находятся в Бресте, а не в Смоленске. Мы должны защитить свои реальные границы. Белоруссия — составная часть России, кусок огромной, сильной державы. Реально суверенитета белорусского государства быть не может, оно сейчас существует, но существует как химера».

— Дарэчы, гэта цытата з інтэрв’ю, надрукаванага ў «БелГазете»…

— Так, што мяне таксама здзівіла. Маўляў, інфармацыйная вайна абвешчана кіраўніку беларускай дзяржавы… Аднак, даруйце, Беларусь — гэта яшчэ амаль 10 мільёнаў грамадзян краіны. Абражаць народ, нацыю… Тут яскравы прыклад таго, наколькі лёгка знішчаецца мяжа паміж журналістыкай і заангажаваным палітыканствам. Тэма гэтая, зразумела, знайшла адлюстраванне падчас нашага сумеснага «круглага стала» з расійскімі калегамі. З іх вуснаў таксама прагучала, наколькі небяспечны сёння сам факт, калі расійскія журналісты глядзяць на Беларусь з вышыні сваіх імперскіх сіндромаў!

— На сітуацыю ў краіне сёння ўплывае і фарміраванне новай еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Краіна апынулася перад выбарам: альбо паглыбленне ізаляцыі, альбо пачатак рэальных эканамічных і сацыяльных пераменаў. Слова «дыялог» набыло магічную сілу, з ім звязаныя новыя надзеі. Наколькі магчымы дыялог па нашай, медыйнай праблематыцы, і ці прынясе ён плён у краіне, дзе палітыку на інфармацыйным рынку вызначае «генеральная лінія», прапанаваная невялікай групай штатных ідэолагаў?

— І пацверджаннем нязменнасці палітыкі ўлады ёсць апошнія падзеі: сёння фактычна забаронены доступ незалежных СМІ да афіцыйнай статыстыкі; нядаўна ў прэсу патрапіў дакумент з адзнакай «для ўнутранага карыстання», дзе рэгламентуецца распаўсюджванне эканамічнай інфармацыі. Па сутнасці, уводзіцца татальны кантроль за публічнымі выказваннямі чыноўнікаў, звесткамі пра стан падпарадкаваных ім структур. Асабіста для мяне гэта ёсць сведчаннем таго, што эканамічная сітуацыя ў краіне вельмі складаная. Таму і прымаюцца такія неапраўдана жорсткія меры.

Цяпер вернемся да магчымасці дыялога. Еўразвяз прапанаваў Беларусі новую стратэгію. Паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, больш за 70% беларусаў нават і не ведаюць пра тое, што ў лістападзе мінулага года адбылася прэзентацыя стратэгіі Еўразвяза ў дачыненні да нашай краіны. У гэтым дакуменце сфармулявана таксама і патрабаванне да беларускіх уладаў паважаць права народа на незалежную інфармацыю і свабоду слова, даць магчымасць журналістам працаваць без уціску і судовага пераследу.

— Пры выкананні гэтых умоў, паводле меркаванняў беларускай незалежнай журналісцкай супольнасці, дыялог магчымы?

— Я не буду паглыбляцца ў гісторыю, калі ў часы дзейнасці назіральнай групы АБСЕ ў Мінску ідэя дыялога была беларускімі ўладамі проста дыскрэдытаваная. Сёння дыялог магчымы толькі пры выкананні некалькіх умоў: вяртанне ў падпісныя каталогі, у сістэму продажу незалежнай прэсы, адмова ад палітыкі забароны на распаўсюд недзяржаўных выданняў. Гэта самае прынцыповае. Па-другое, дыялог немагчымы, калі не будзе ўведзены мараторый на самыя адыёзныя артыкулы Крымінальнага кодэксу, не будуць створаны роўныя эканамічныя ўмовы для дзейнасці СМІ. І, зразумела, што на сённяшні дзень беларускія ўлады павінны пачаць працэс раздзяржаўлення і дэманапалізацыі сродкаў масавай інфармацыі. Без гэтага знайсці паразуменне сённяшнім палітычным апанентам будзе проста немагчыма.

— Улічваючы ўсе гэтыя варункі — патрабаванні нашых калег, міжнародных журналісцкіх аб’яднанняў, вылучэнне ўмоў структурамі Еўразвяза, захады беларускай апазіцыі, — якой, на ваш погляд, павінна быць стратэгія і тактыка нашай прафесійнай арганізацыі?

— Перш за ўсё я хачу падкрэсліць, што, нягледзячы на сістэмны ціск на незалежную прэсу, яна існуе і застаецца носьбітам дэмакратычных каштоўнасцей. Да таго ж сёння ў Беларусі адрадзілася сістэма альтэрнатыўных незарэгістраваных выданняў, яны маланакладныя, але іх уплыў паступова ўзрастае. З’явіліся новыя незалежныя радыёстанцыі, відаць, у бліжэйшы час пачнецца тэлевізійнае вяшчанне з-за межаў Беларусі на нашу тэрыторыю. Усё гэта — сведчанне таго, што высілкі ўладаў абмежаваць свабоду слова марныя. Можна закрыць незалежныя газеты, забараніць іх распаўсюд і продаж, але і журналісцкую прафесію, і патрэбу грамадства ў аб’ектыўнай інфармацыі не вынішчыць.

Што тычыцца нашых надзённых праблем, то мы павінны згуртаваць усё журналісцкае асяроддзе дзеля падтрымкі тых легальных незалежных выданняў, якія яшчэ ў стане друкавацца і трапляць да чытача. Наш асноўны прыярытэт — усялякае спрыянне іх дзейнасці і разнапланавая дапамога.

І зноў пра інтэрнет, які штодня робіцца ўсё больш і больш уплывовым. Многія нашы калегі, якія вымушаны перайсці з друкаваных выданняў да працы на сайтах, не зусім і не заўсёды адчуваюць адпаведную аўдыторыю. Нам трэба ўлічваць яе чаканні, а гэта значыць — валодаць інфармацыйнымі і мультымедыйнымі тэхналогіямі. Бо на сённяшні дзень поўнасцю запатрабаваным можа быць толькі той журналіст, які мае высокі прафесійны ўзровень. Адсюль і чарговы прыярытэт у дзейнасці нашай арганізацыі — практычнае спрыянне самым розным адукацыйным праграмам і іх пашырэнне. Для мяне асабіста на адной «палічцы» месцяцца ўзровень падрыхтоўкі і механізмы абароненасці журналіста. Бо толькі высокая і шматбаковая кваліфікацыя можа паменшыць рызыку беспрацоўя для тых, хто працуе ў незалежных беларускіх рэдакцыях. Нам патрэбна Школа новай журналістыкі.

Удасканальванне заканадаўчай базы СМІ — таксама неверагодна важная справа. Што такое механізмы самарэгуляцыі дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі? Мы пра гэта таксама не маем поўнага і дакладнага ўяўлення. Грамадства і журналісцкая супольнасць прызвычаіліся да таго, што як рэгістрацыю сродкаў масавай інфармацыі, гэтак і рэгуляванне іх працы сёння ажыццяўляе орган дзяржаўнага кіравання — Міністэрства інфармацыі, надзеленае вельмі шырокімі паўнамоцтвамі, у тым ліку правам умешвацца ў дзейнасць рэдакцыйных калектываў. Таму мы ўсяляк імкнемся спрыяць прывядзенню беларускага заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі і стандартамі, каб еўрапейскі досвед у галіне самарэгулявання працы СМІ стаў нам блізкім і зразумелым.

Падрыхтаваў
Уладзімір ДЗЮБА

Отправить комментарий

  • Адреса страниц и электронной почты автоматически преобразуются в ссылки.
  • Допускаются только следующие теги HTML: <a> <em> <strong> <cite> <code> <ul> <ol> <li> <dl> <dt> <dd>
  • Строки и параграфы переносятся автоматически.

Подробнее о форматировании

Captcha Image: you will need to recognize the text in it.
Введите код подтверждения с картинки
ГлавнаяНовостиПубликацииДумкарэйКолонкиБиблиотекаВопрос-ответСсылки о нас
2004-2008 © «Третий Путь». При полном или частичном использовании материалов ссылка на «Третий Путь» обязательна.
Связаться с нами можно по e-mail: judi@3dway.org или телефону: +1 347 4109015