Маніфэст новай беларускай эканамічнай мадэлі?

Ещё никто не проголосовал

Агульная праблема беларускай дэмакратычнай апазыцыі - няздольнасьць сфармуляваць сваю праграму ці хацяб мэты, а нават сфармуляваўшы іх - няздольнасьць іх прасоўваць і прапагандаваць. Мала хто памятае зараз, пасьля эмацыйнага накалу леташняга сакавіка, што цягам тых пратэстаў па ініцыятывае Аляксандра Казуліна была, напрыклад, прынятая “дэклярацыя народу Рэспублікі Беларусь”, дзе вельмі ляканічна былі сфармуляваныя патрабаваньні да ўлады. У ідэале тая дэклярацыя павінна была б вісець на кожным слупе, яе кожную літару павінен быў вывучыць і паўтараць кожны праціўнік улады, яна павінна была дайсьці пагалоўна да кожнага чыноўніка і жаўнера АМАП. Замест гэтага гэты дакумэнт так і застаўся пустым гукам і быў забыты літаральна праз пару дзён. 25 сакавіка ужо 2007 года на масавым апазыцыйным мітынгу перад Акадэміяй навукаў таксама была прынятая рэзалюцыя з добра выкладзенымі патрабаваньнямі. Ці памятае цяпер хтосьці пра яе? Ці памятае хтосьці цяпер пра тыя патрабаваньні?

Без сфармуляванай у канкрэтным дакумэнце і тысячы разоў растыражаванай выніковай жаданай карціны, безь візіі, ствараецца сытуацыя, калі з аднаго боку могуць нечакана ўсплываць разыходжаньні сярод самой апазыцыі, а зь іншага боку адсутнічае дакладна сфармуляваны адказ на пытаньне з боку праўладна настроенай часткі насельніцтва: чаго, урэшце, дамагаюцца незадаволеныя сёньняшнім рэжымам?

За прайшоўшы год дайшло да таго, што патрабаваньні дэмакратызацыі да рэжыму былі за нас сфармуляваныя Эўрапейскім Зьвязам, а шаноўная партыйная апазыцыя ўжо толькі далучылася да іх, дэ-факта апыноўваючыся ў пазыцыі не самастойнага палітычнага суб’екта, а правадніка пункту гледжаньня ЭЗ.

Лібэральная візія беларускай эканомікі

Тое самае тычыцца і візіі будучай эканамічнай сыстэмы краіны. Перад вачыма трэба мець мэту памкненьняў, трэба мець візію таго, як будзе функцыянаваць эканоміка пасьля непазьбежнага прыходу дэмакратычных сілаў да ўлады. А каб яе мець, яе неабходна ствараць, удалая спроба чаго робіцца ў праекце Эканамічнае Канстытуцыі Беларусі, прэзэнтаванай у мінулым месяцы беларускім Навукова-дасьледчым цэнтрам Мізэса.

Гэты дакумэнт складаецца з васьмі разьдзелаў і спрабуе вызначыць базавыя прынцыпы эканамічных адносінаў для Беларусі: ролю дзяржавы, асновы эканамічнай дзейнасьці грамадзянаў і арганізацый, а таксама пытаньні землеўладаньня, дзейнасьці інфраструктурных кампаніяў і працэдуру прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці.

Эканамічная Канстытуцыя прызначаная стацца базавым дакумэнтам для эканамічных адносінаў у краіне, базаю для абноўленых грамадзянскага, мытнага, працоўнага, кодэксаў , законаў пра банкаўскую сыстэму, пра акцыянэрныя таварыствы і г.д. Замест таго, каб хаваць гэтыя рэчы ў параграфах вялізнага кодэксу, асноўныя прынцыпы павінны быць сфармуляваныя і выведзеныя адзіным кароткім сьпісам - як гэта ўдала робіцца ў праекце Эканамічнай Канстытуцыі. Ёсьць і такі аспэкт, што прававыя нормы павінны ў першую чаргу быць дыспазытыўнымі, а не імпэратыўнымі: замест дакладных інструкцыяў прыярытэтнымі павінны быць прынцыпы, рамкі, унутры якіх людзі павінны мець поўную свабоду дзеяньняў, абмежаваную выключна іх уласнымі ўяўленьнем і здольнасьцямі

Эканамічная Канстытуцыя ў той ці іншай форме – у выглядзе дапаўненьняў да Канстытуцыі і/альбо некалькіх законаў – павінна быць уключаная ў пакет першапачатковых дакумэнтаў да прыняцьця новаю ўладай. У ідэале рэфэрэндум па ёй павінен супасьці зь першымі дэмакратычнымі выбарамі. Гэта зьвязана з тым, што рынкавы framework, рынкавая сыстэма каардынатаў, мусяць быць створаныя ў самую першую чаргу, а наступныя эканамічныя рэформы павінны праводзіцца выключна ў іх рэчышчы, каб эканоміка ад самога пачатку мела здаровы ідэалягічны і маральны падмурак, здаровы альгарытм свайго функцыянаваньня. А здаровая агульная мараль і ідэалёгія ў эканоміцы можа быць толькі адна: ніхто, ніякая дзяржава і ніякое ананімнае "грамадзтва" ня мае права забараняць чалавеку займацца якой заўгодна дзейнасьцю, калі яна не нясе непасярэдняй шкоды іншым людзям.

Камэрцыйнай дзейнасьці гэта тычыцца ў самую першую чаргу, бо яна апрыёрна абазначае якраз прынясеньне прадпрымальнікам карысьці іншым людзям у выглядзе тавараў ці паслугаў за адпаведнае грашовае ўзнагароджаньне. Абмяжоўваць бізнэс ёсьць абмяжоўваць прадстаўленьне карысьці людзям.

Грошы атрымоўваюцца за тое, што прадаецца. Прадаецца толькі тое, што мае попыт. Попыт мае тое, што патрэбна пакупнікам. Прадпрымальнік зацікаўлены ў тым, каб мець грошы, а пакупнікі зацікаўленыя ў тым, каб мець карысьць, якую прадпрымальнік можа ім даць. Што не патрэбна людзям - не купляецца. Умяшальніцтва дзяржавы ў эканоміку, як правіла, перашкаджае гэтым натуральным узаемаадносінам, падвышае цану тавараў, ад чаго зьмяншае магчымасьць попыту пакрыць прапанову, ад чаго церпяць усе бакі. "Абарона" эканамічна няздольных прадстаўнікоў насельніцтва ў выглядзе падачак, а не дапамогі ў прыстасаваньні да новых умоваў - гэта грубы і шкодны папулізм і загнаньне праблемы пад дыван.

Праект Эканамічнае Канстытуцыі ў сваіх нормах зыходзіць менавіта зь яскрава лібэральных пазыцыяў: пазыцыяў абароны прыватнай уласнасьці і прыярытэтнасьці права чалавека на эканамічную дзейнасьць, накіраванасьці на спрыяньне рэалізацыі гэтых правоў. Замацоўваецца недатыкальнасьць прыватнай уласнасьці і абмежаваньне дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў эканоміку.

Канечне ж, праект Эканамічнае Канстытуцыі ў ягоным сучасным выглядзе патрабуе пэўнай дапрацоўкі і абмеркаваньня ў асобных пунктах. Сваім сьціплым камэнтарам я хачу заклікнуць і іншых выказвацца наконт гэтага дакумэнту, даваць свае ідэі да яго ўдасканальваньня, выпраўляць недахопы. Таму пяройдзем да заўвагаў датычна асобных выказаных у праекце ідэяў, якія зьвярнулі на сябе ўвагу.

Па-першае, хочацца выказацца наконт формы Эканамічнай Канстытуцыі. Часам здаецца, што прапанаваны праект надта сягае ў дэталізацыю і прыватнасьці. Скажам, разьдзелы IV. “Функцыянаваньне інфраструктурных і сеткавых кампаній”, V. “Рынак зямлі”, і асабліва VI. “Прыватызацыя”, як падаецца, павінны былі б быць выключаныя з Эканамічнай Канстытуцыі, распрацаваныя больш дасканала і зробленыя асобнымі законамі. Яны тычацца дэталёвых сфэраў функцыянаваньня эканомікі, а падзел VI ўвогуле тычыцца адной абмежаванай па часе працэдуры, якая будзе праведзеная аднойчы і назаўжды, і таму ня вартая ўключэньня ў дакумэнт, які паводле свайго фармату прызначаны для функцыянаваньня на працягу стагодзьдзяў. Таксама даводзілася чуць крытыку самога азначэньня дакумэнта словам “канстытуцыя”, якое ў пэўнай ступені нівэлююе паняцьце Канстытуцыі як адзінага цэнтральнага законадаўчага акту краіны. У гэтай сувязі, часткі праекту Экнамічнай Канстытуцыі, якія ня будуць аформленыя ў якасьці законаў, маглі б быць уключаныя ў якасьці асобнага разьдзелу ў склад Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі.

Залаты стандарт для прыватных банкаў

Наконт манэтарнай палітыкі дзяржавы сумніўным здаецца прадугледжанае забесьпячэньне золатам аплотных сродкаў, эмітыяваных банкамі:

“Камэрцыйныя арганізацыі Беларусі могуць эмітаваць свае аплатныя сродкі толькі ў выпадку стоадсоткавага іх забесьпячэньня золатам. Нацыянальны банк ня мае права абмяжоўваць хаджэньне і выкарыстаньне прыватных аплатных сродкаў.” (Артыкул 3Cool.

З 1976 году сьвет жыве ў сыстэме плаваючых валютных курсаў, Залаты стандарт для таго і быў канчаткова адменены, што ня змог забясьпечваць патрэбы эканомікі ў ліквідным сродку плацяжу. Золата - тавар самое па сабе, які мае рынак і цану, што бесперапынна зьмяняецца – і гэта ўскладняе ацэнку і эмітыяваных у золаце плоцежных сродкаў. Ня бачыцца сэнсу ў забясьпячэньні золатам, срэбрам ці плятынай вэксэляў і чэкаў. Паводле такой лёгікі можна дайсьці і да патрабаваньня забесьпячэньня золатам банкаўскіх унёскаў, што бурыць базавыя прынцыпы сучаснай банкаўскай справы. Па меры росту аб’ёмаў і колькасьці апэрацый, у нейкі момант банкам зробіцца занадта складана набываць золата, і мы апынемся перад неабходнасьці пазбаўляцца гэтага міні-Залатога стандарту.

Праз адсутнасьць матэрыялізаванай “унівэрсальнай каштоўнасьці” ў выглядзе золата і нават наяўных дзяржаўных грошай, забясьпечаных золатам, сучасная банкаўская сыстэма яшчэ больш, чым ад пачатку, базуецца на прынцыпе даверу: даверу банка да займальніка, даверу ўкладніка да банка, даверу ўсіх актораў да нацыянальнага банку. Любыя абавязальніцтвы камэрцыйнага банку (у тым ліку эмітыяваныя ім плоцежныя сродкі) забясьпечваюцца ягонымі актывамі, то бок абавязальніцтвамі трэціх бакоў да яго (у першую чаргу выдадзенымі крэдытамі, якія маюць быць вернутымі). Агульная эканамічная раўнавага і стабільны эканамічны рост у краіне спрыяюць плоцежаздольнасьці займальнікаў, то бок малой рызыцы невяртаньня выдадзеных крэдытаў – то бок, надзейнаму забесьпячэньню абавязальніцтваў банка. У такой сытуацыі Залаты стандарт на любым узроўні зьяўляецца залішнім.

Таму падаецца патрэбным не вяртаньне да залатога стандарту, а забесьпячэньне празрыстага функцыянаваньня банкаўскай сыстэмы, пры якім банкі былі б не зацікаўленыя ў злонамеранай эмісіі плоцежных сродкаў без забесьпячэньня. Задача арганізацыі гэтага стаіць перад Нацыянальным банкам краіны.

Манапалізм і недобрасумленная канкурэнцыя

У тым ліку і Нацыянальнага банка тычыцца і наступная тэма, якую хочацца закрануць пры аналізе праекту Эканамічнай Канстытуцыі.

“Нацыянальны банк стымулюе канкурэнцыю на рынку банкаўскіх і фінансавых паслугаў і процідзейнічае манапалістычным практыкам.” (Артыкул 39)

“Дзяржава стварае Антыманапольны камітэт, які праводзіць дзяржаўную палітыку па судзейнічаньню і разьвіцьцю канкурэнцыі, а таксама па спыненьню нядобрасумленнай канкурэнцыі з боку органаў дзяржаўнага кіраваньня і эканамічных суб'ектаў. Памер рынку, заняты эканамічным суб'ектам на вызначаным рынку тавара, паслугі або працы, не зьяўляецца падставай для правядзеньня супраць яго антыманапольных дзеяньняў, калі эканамічны суб'ект заняў дадзеную частку рынку ў выніку канкурэнцыі і без прыцягненьня рэсурсаў дзяржавы.” (Артыкул 29.)

“Урад стымулюе канкурэнцыю сярод камэрцыйных арганізацый, процідзейнічае манапалізацыі (...)” (Артыкул 42.)

Для сацыялістычнай эканомікі недапушчальная думка пра тое, што паняцьці "манаполія" і "недобрасумленная канкурэнцыя" павінны разьмяжоўвацца. Між тым, манаполія сама па сабе ніяк не зьяўляецца злачыннай зьяваю, бо не заўжды спараджаецца недобрасумленнай канкурэнцыяй і злымі намерамі манапаліста. Трэба браць пад увагу, што дасягненьне посьпеху ў бізнэсе ня ёсьць злым намерам, пры ўмове, што яно ажыцьцяўляецца без гвалту, крадзяжу і іншых крымінальных захадаў. Тым ня меней, барацьба супраць манапалізму на Захадзе звычайна выліваецца ў штрафаваньне прадпрымальніка за перамогу над канкурэнтамі ў менавіта што сумленнай барацьбе, калі манаполія дасягнутая выключна эканамічнымі чыньнікамі (найбольш яскравы прыклад - Microsoft).

Супрацьдзейнічаць стварэньню манаполіяў дзяржава можа толькі праз эвэнтуальнае стымуляваньне слабых удзельнікаў рынку, але ні ў якім разе не праз санкцыі супраць манапаліста, у выпадку калі ён дасягнуў такога статусу ў рамках сумленнай канкурэнцыі. Гэтыя ідэі ў Эканамічнай Канстытуцыі мільгаюць, але, як падаецца, падкрэсьліваюцца недастаткова яскрава.

Адказнасьць выканаўчае ўлады

Вялікую сымпатыю выклікаюць патрабаваньні сыходу ў адстаўку выканаўчых органаў улады пры дасягненьні пэўных нэгатыўных эканамічных паказчыкаў:

“Урад ня мае права дапушчаць памер зьнешняе пазычанасьці вышэй за 25% СУП. У выпадку перавышэньня ліміту зьнешняе пазычанасьці ў 25% СУП у год на працягу трох гадоў запар, урад аўтаматычна сыходзіць у адстаўку. Ягоны кіраўнік пазбаўляецца магчымасьці займаць кіруючыя пасады ў ворганах дзяржаўнай улады на працягу пяці гадоў.”(Артыкул 43)

Цяжка знайсьці большы і лепшы стымул для ўрадоўцаў быць зацікаўленымі ў выніку сваёй працы. Канечне, у крызісны пэрыяд гэта можа адыграць нэгатыўную дэстабілізуючую ролю, аднак, па-першае крызісы рэдка цягнуцца даўжэй за тры гады, а па-другое, парлямэнт будзе заўжды мець магчымасьць скласьці ўрад і ў тым жа самым складзе, за выняткам асобы прэм’ер-міністра.

Сацыяльная сфэра

Маларэалістычнымі ў кароткатэрміновай пэрспэктыве, але прынцыпова бясспрэчна неабходнымі падаюцца развагі пра ролю дзяржаўнай сацыяльнай замовы і падтрымкі:

“Дзяржава разьмяшчае замовы на падрыхтоўку у прыватных і дзяржаўных ВНУ на тэндэрнай аснове. Для падрыхтоўкі па розных спэцыяльнасьцях дзяржава засноўвае стыпэндыі.

Дзяржава стварае ўмовы для разьвіцьця сыстэмы мэдычнскага забесьпячэньня. Яна фінансуе паслугі хуткай дапамогі, санітарна-эпідэміялягічныя мерапрыемствы, разьвіцьцё інфраструктуры сыстэмы мэдычных паслугаў, падрыхтоўку кадраў для мэдычных установаў і навуковыя даследаваньні.

Дзяржава фінансуе меры па рэгабілітацыі інвалідаў, паўнавартаснаму ўключэнню іх у нармалёвае жыцьцё.” (Артыкул 61.)

“Мэдычныя паслугі навучэнцам пачатковай і сярэдняй школаў аказваюцца за кошт дзяржавы. Пэнсіянэрам на аказаньне базавых паслугаў у дзяржаўных мэдычных установах аказваецца зьніжка 30% за кошт сродкаў бюджэту. Прыватныя арганізацыі і ўстановы самастойна вызначаюць цанавую палітыку на паслугах насельніцтву.” (Артыкул 62.)

Няясна, наколькі дзяржава будзе ў стане забясьпечыць фінансаваньне згаданых мераў пад час пэрыяду пераходу да рынку, прынамсі ў тым памеры, які забясьпечвае іх паўнавартасьць.

Хаця і ў прапанаваных праектам Эканамічнай Канстытуцыі абрысах дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі трэба ўхваліць імкненьне да маркетызацыі сацыяльнае сфэры. Людзі павінны ўласнай працай зарабляць добрыя грошы, і за гэтыя грошы набываць якасныя паслугі, а не атрымоўваць капейкі, каб задарма лекавацца ў нізкаякасных савецкіх лячэльнях. Гэтага не адзначана ў праекце Эканамічнай Канстытуцыі, але ў ідэале бачыцца, што на дзяржаўную дапамогу павінны былі б разьлічваць моладзь да моманту сваёй працаздольнасьці, а таксама пэнсіянэры, чый актыўны працоўны ўзрост прыйшоўся на савецкія і лукашэнкаўскія часы, і якія праз гэта былі пазбаўленыя дзяржавай магчымасьці самастойна забясьпечыць сабе пэнсійныя ашчаджэньні. У далёкатэрміновай пэрспэктыве неабходна было б браць курс на кансаваньне карупцыйна-небясьпечнай дзяржаўнай пэнсійнай сыстэмы як такой і перавод пэнсійнага забесьпячэньня у цалкам рынкавае рэчышча.

Каляэканамічныя ідэі ў праекце

Сярод укосна датычных эканомікі ідэяў, выказаных у праекце Эканамічнай Канстытуцыі, выклікае сумніў прапанова забароны на ўдзел чыноўнікаў у палітычных партыях:

“Супрацоўнікі органаў дзяржаўнага кіраваньня ня могуць быць чальцамі ў палітычных партыях і рухах. У выпадку прыёму на працу ў орган дзяржаўнага кіраваньня грамадзянін абавязаны выйсьці з палітычнай партыі ці руху.” (Артыкул 26.)

Дзеля чаго ствараюцца палітычныя партыі, акрамя каб быць праводнікамі пэўнае ідэалёгіі, пэўнае лініі - ня толькі ў парлямэнце, але і ў выканаўчай уладзе? Урад і кіраўніцтва міністэрстваў павінна складацца не з абстрактных "хорошых ребят" і ананімных "крепкіх хозяйственніков", а зь людзей, якія прыйшлі на сваю пасаду, маючы за сьпіною канкрэтную ідэалёгію, канкрэтнае бачаньне і вызначаную лінію, як весьці палітыку. У Нямеччыне, напрыклад, мэдыі заўсёды падкрэсьліваюць партыйную прыналежнасьць таго ці іншага чыноўніка-выканаўцы, каб кожнае паведамленьне, кожнае інтэрвію дазваляла чытачам фармаваць больш і больш поўную карціну партыйнай сцэны краіны.

Акрамя таго, самое слова "абавязваць", "забараняць" мае нядобры прысмак. Партыя - добраахвотнае аб'яднаньне людзей на падставе палітычных поглядаў і агульнае візіі далейшага разьвіцьця краіны. Няма мэтазгоднасьці забараняць чыноўніку быць членам партыі - як немэтазгодна забараняць яму быць членам царквы ці клюбу філятэлістаў. Як-ніяк, правы чалавека распаўсюджваюцца і на чыноўніка.

Што й казаць пра тое, што ніхто ня зможа абмежаваць нефармальны ўдзел чалавека ў жыцьці палітычнае групы і забараніць сустракацца яму з сваімі паплечнікамі, узгадняць дзеяньні і дэ-факта ўдзельнічаць у партыі - нават калі ён фармальна пакіне яе шэрагі для заняцьця нейкае пасады. І наадварот, чыноўнік мае магчымасьць пакінуць партыю ў той самы момант, калі патрабаваньні партыйнай дысцыпліны пачынаюць супярэчыць ягонаму меркаваньню датычна неабходных рашэньняў па дзяржаўнай службе.

Нарэшце, хочацца зрабіць адну “прэстыжаваю” заўвагу да аднае фразы з Прэамбулы дакумэнту:

“лічачы сябе паўнавартасным і раўнапраўным суб'ектам рэгіянальнай і сусьветнай сыстэмы падзелу працы”

Словы "лічачы сябе" варта зьмяніць на "будучы". Калі Беларусь лічыць сябе паўнавартасным суб’ектам, беларусы павінны пісаць, што яна такім зьяўляецца. Бо менавіта так яны лічуць.

Пэрспэктывы

Ня гледзячы на ягоную справядлівасьць і рацыянальнасьць, праекту “Эканамічнай Канстытуцыі” цалкам верагодна, што давядзецца сустрэць жорсткую крытыку зь “левага” боку, калі ён зьвярне на яго сваю ўвагу. Нават у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь з 1994 года запісана прыгожае і неабачлівае словазлучэньне "сацыяльная дзяржава". Беларуская апазыцыя рэдка публічна выказваецца датычна канкрэтных эканамічных пытаньняў, але складаецца цьвёрдае ўражаньне, што кола падсьвядомых сацыялістаў не абмяжоўваецца СДПБ "Грамада" і ПКБ, якія і самі па сабе складаюць вялікі сэктар дэмакратычных сілаў.

Сацыяльнасьць беларускай дзяржавы і меры па амартызацыі ўдару ад эканамічных рэформаў павінны ўвасабляцца ў спрыяньні прыватнай дзелавой ініцыятыве. У масавай адукацыі людзей да вядзеньня прыватнага бізнэсу і максымальным спрашчэньні працэдуры рэгістрацыі свайго дзела (апошняга, дарэчы, у нядаўна прынятым дакумэнце патрабуюць індывідуальныя прадпымальнікі).

Грамадзкасьць і, у першую чаргу, экспэртная і дзелавая супольнасьці павінны актыўна ўдзельнічаць у абмеркаваньні гэткіх дакумэнтаў, як праект Эканамічнае Канстытуцыі. Дапрацаваная і ўдакладненая, няхай яна станецца сьцягам, маніфэстам для новай беларускай эканомікі.

Экнамічная свабода, лібэралізацыя ўмоваў для бізнэсу – гэта самае галоўнае, чаго не хапае беларускай эканоміцы, гэта абавязковы пункт нумар адзін для любых эканамічных рэформаў, якія маюць на мэце стаць удалымі. Сапраўдны эканамічны прарыў магчымы толькі пры максымальнай мабілізацыі патэнцыялу нацыі. А яна магчымая толькі ў рамках прапанаванай праектам Эканамічнай Канстытуцыі лібэральнай мадэлі, калі людзі самі зацікаўленыя ўва ўласнай мабілізцыі праз тое, што маюць магчымасьць у сваёй краіне працаваць на саміх сябе.

Хай першаснай функцыяй дзяржавы застанецца забесьпячэньне выкананьня законаў і добрасумленнасьці канкурэнцыі – у пэрыяд пераходу да рынку гэтыя функцыі будуць граць яшчэ ў шмат разоў большую ролю, чым у спакойны час. Хай яна забясьпечыць сумленную прыватызацыю і запусьціць эфэктыўную доўгатэрміновую праграму разьдзяржаўленьня эканомікі. А потым хай яна проста адпусьціць паводы каню, і ён сам вывядзе нас на слушную дарогу да сапраўднага Беларускага эканамічнага цуду – для якога Беларусь мае добры патэнцыял.

Тэкст Эканамічнай Канстытуцыі: http://liberty-belarus.info/content/view/1558/77/