03/28/2007 - 10:06 / Мара Богуш/Пакаленьне Адраджэньня
“Каб у сваёй краіне жыць лепш, людзі павінны часам ахвяраваць уласнымі інтарэсамі. А для гэтага чалавек павінен мысліць катэгорыямі краіны, радзімы, народу. Мець сістэму маральных і культурных каштоўнасцей,” – сказаў аднойчы Міхал Анемпадыстаў, вядомы культурны дзеяч. Тое, што царква мае маральныя каштоўнасці, сумнявацца не прыходзіцца, а вось у якой ступені вернікі думаюць крытэрамі Беларусі, наколькі цікавяцца тым, што адбываецца ва ўласнай краіне, наколькі прысутнічаюць у грамадскім жыцці Беларусі?
Значнай падзеяй, якая ўскалыхнула грамадства, стала сітуацыя вакол пратэстанцкай поўнаевангельскай царквы “Новае жыццё”, якая пачалася 6 кастрычніка 2006 года і не завяршылася аж да гэтага часу. Для таго, каб мець магчымасць збірацца ў сваім будынку, вернікам прыйшлося ...распачаць пост-галадоўку. Падзея асвятлялася як у дзяржаўных СМІ (са скажонай інфармацыяй у навінах паказалі ролік па СТБ), так і заняла даволі шмат месца на старонках незалежнай прэсы. Увагі да пратэстантаў стала значна больш, прычым інфармацыя пра іх стала насіць не толькі адмоўны характар.
Прыклад “Новага жыцця” паслужыў пэўным каталізатарам у адстойванні сваіх правоў вернікамі. Спачатку распачалася галадоўка ў адной каталіцкай парафіі ў Гародні, мэтай якой было атрыманне дазвола на ўзвядзенне храма (дазвол быў дадзены). Затым пачалі галадаваць на Іўеўшчыне супраць высылкі ксяндза-паляка.
Важным падаецца і той факт, што сярод пяці асобаў, якія атрымалі Нацыянальную прэмію ў вобласці абароны правоў чалавека за 2006 г. ад Хартыі’97, двое былі евангельскімі хрысціянамі. А менавіта: Вячаслаў Ганчарэнка, пастар царквы “Новае жыццё”, і Зміцер Дашкевіч, лідар незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Малады фронт”. Калі ўлічыць, што разам з Ганчарэнка і Дашкевічам гэтую прэмію атрымаў А.Казулін, экс-кандыдат у прэзідэнты, то выглядае зусім няблага.
Цяпер па ініцыятыве “Аргкамітэту па стварэнню Партыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” распачалася кампанія па зборы подпісаў за адмеу “Закона аб свабодзе веравызнання” 2002 года ў яго цяперашняй рэдакцыі. У кампаніі ўдзельнічаюць вернікі розных канфесій і дэнамінацый. Адмена закону можа стаць рэальным крокам для змянення сітуацыі з пратэстанцкай канфесіяй у Беларусі. Застаецца толькі адкрытым пытанне, наколькі актыўна самі пратэстанты паўдзельнічаюць у зборы подпісаў.
Звычайна хрысціяне, у тым ліку пратэстанты, займаюцца дабрачыннасцю, спрыяюць умацаванню праблемных сем’яў, адкрываюць рэабілітацыйныя цэнтры, то бок працуюць пераважна ў сацыяльнай сферы. Але апошнім часам назіраецца тэндэнцыя да іх большага ўдзелу ў грамадскіх арганізацыях, пэўных адукацыйных і культурных праектах. Напрыклад, з 2002 г. адбываюцца канцэрты на Дзень Рэфармацыі, дзе ў тым ліку гаворыцца пра нацыянальныя і патрыятычныя каштоўнасці.
Царква валодае вялікім патэнцыялам у плане людскіх рэсурсаў, але часам варыцца ў сваім уласным соку, самаізалюючыся ад тых працэсаў, што адбываюцца ў грамадстве. Аднак, відавочна, што цягам апошняга году сітуацыя пачала паціху мяняцца.
Мара Богуш
Отправить комментарий