А.Казулін зьвярнуўся з заклікам да А.Мілінкевіча
03/16/2007 - 19:36 / Радыё СвабодаБылы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін зьвярнуўся з калёніі да экс-кандыдата Аляксандра Мілінкевіча. Палітвязень заклікае ўзяць удзел у будучым Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Пра гэта стала вядома ад адваката Ігара Рынкевіча, які 16 сакавіка наведаў Аляксандра Казуліна ў віцебскай калёніі “Віцьба-3”.
Значная частка размовы Казуліна з адвакатам прысьвячалася сытуацыі ў апазыцыі: правядзеньню Кангрэсу дэмакратычных сілаў, удзелу ў ім Аляксандра Мілінкевіча.
“Ён зьвярнуўся да дэмакратычных сілаў з заклікам хутчэй правесьці кангрэс”, – паведаміў адвакат. Паводле Казуліна, нелегітымная прэзыдэнцкая ўлада зацікаўленая, каб дэмакратычныя сілы дзейнічалі адасоблена.
Асобна зьвярнуўся Аляксандар Казулін да Аляксандра Мілінкевіча, удзел якога ў кангрэсе лічыць неабходным, сказаў Ігар Рынкевіч.
“Ён кажа даслоўна наступнае: “Паважаны Аляксандар Уладзімеравіч! Мы з вамі разам прайшлі цяжкі шлях. На нас ляжыць адказнасьць перад гісторыяй і народам Беларусі. Я заклікаю вас падняцца над сытуацыяй і працягнуць руку сваім паплечнікам у барацьбе”, — пераказвае словы Казуліна ягоны адвакат.
Таксама Ігар Рынкевіч паведаміў пра ўмовы, у якіх цяпер адбывае пакараньне Аляксандар Казулін: палітыку абмежавалі магчымасьць для прагулак, шмат каго з сукамэрнікаў, якія зь ім кантактавалі, перавялі ў іншыя калёніі. “Вакол мяне стварылі вакуўм”, – перадае словы Казуліна ягоны адвакат.
Важыць Аляксандар Казулін 86 кіляграмаў, а да галадоўкі ў кастрычніку мінулага году важыў 95 кіляграмаў. “Выглядае Казулін ня лепшым чынам, але на здароўе ня скардзіцца”, – сказаў Ігар Рынкевіч.
Нагадаем, у канцы 2006 году ў калёніі Аляксандар Казулін трымаў палітычную галадоўку, якая цягнулася 53 дні. За гэты час ён схуднеў амаль на трыццаць кіляграмаў. Адным з вынікаў галадоўкі стала тое, што на Радзе бясьпекі ААН на прапанову прадстаўніка ЗША было ўзьнятае пытаньне пра парушэньне правоў чалавека ў Беларусі.
Отправить комментарий