01/26/2007 - 13:41 / Алесь Чайчыц
Адна з базавых вартасьцяў лібэральнай ідэалёгіі ёсьць Годнасьць. Павага да сябе. Усьведамленьне асобай сваіх інтарэсаў, свайго месца ў сьвеце, імкненьне бараніць гэта сваё месца і гэты свой інтарэс.
У адрозьненьне ад свайго расейскага адпаведніка "достоинство", беларуская шляхотная Годнасьць мае выразную этымалёгію і выразныя аднакаранёвыя словы і паняцьці. Годнасьць мае чалавек, годны да вялікай справы, прыдатны да вялікага ўчынку. Нягоднік - гэта той, хто ня мае годнасьці.
Асабістая Годнасьць - гэта самая базавая рэч, якую мае кожны з нас. Ты - чалавек паводле нараджэньня, ты - божая істота, створаная па ягоным узоры. Ніхто ня мае права прыніжаць цябе, абражаць цябе, прымушаць цябе. Чалавечая Годнасьць выцякае з агульнага для ўсіх жывых арганізмаў інстынкту самазахаваньня, але яўляе сабой інтэлектуальную, маральную надбудову над ім, яго працяг і разьвіцьцё ў сьвядомасьці homo sapiens.
Годнасьць - перадумова і ўвасабленьне свабоды. Толькі той, хто мае ўласную Годнасьць, хто ўсьведамляе сябе як асобу, як суб’екта, дастойны свабоды і будзе змагацца за яе. Рабамі людзі робяцца менавіта праз пазбаўленьне іх Годнасьці асабістай, праз пазбаўленьне ўласнае волі і падпарадкаваньне воле чужой.
 |
Годнасьць грамадзянская - гэта ўсьведамленьне і імкненьне да паўнавартаснае рэалізацыі сваіх правоў |
 |
Годнасьць чалавека - зыходны пункт лібэральнай ідэалёгіі, яе краевугольны камень. Годнасьць - гэта тое, што лучыць прагу Свабоды з усьведамленьнем Адказнасьці за яе. Свабода - дзеля Годнасьці. Годнасьць - дзеля Свабоды.
Увасабленьнем Годнасьці асабістай ёсьць Годнасьць грамадзянская. Чалавек жыве ў грамадзтве, стасункі ўнутры якога закліканы рэгуляваць інстытут дзяржавы. Годнасьць грамадзянская - гэта ўсьведамленьне і імкненьне да паўнавартаснае рэалізацыі сваіх правоў як члена грамадзтва, як грамадзяніна. Гэта разуменьне таго, што дзяржава зьяўляецца ўсяго толькі інструмэнтам абароны і рэалізацыі тваіх правоў і правоў іншых людзей. Грамадзянская годнасьць - гэта актыўны ўдзел у грамадзкім і палітычным жыцьці, бо гэта твая краіна, тваё грамадзва і твой інтарэс. Грамадзянская годнасьць - гэта пільнае сачэньне за дзеяньнямі дзяржавы і жорсткае прысячэньне злоўжываньняў з боку тых, хто займае дзяржаўныя пасады.
Іншая праява Годнасьці асабістай - Годнасьць нацыянальная. Ты маеш свой колер скуры, маеш сваю культуру, сваё імя, свае традыцыі і сваю мову, якія дарагія табе. У іх - тысячагодзьдзі гісторыі, у іх - твае гены, пакаленьні і пакаленьні тваіх дзядоў і прадзядоў. Усё гэта дарагое табе не таму, што "лепшае", чым у іншых народаў, а проста таму, што яно – тваё, яно - гэта ты. І ў сваёй краіне ты ня можаш ня мець магчымасьці размаўляць на сваёй мове, шанаваць свой сьцяг, свой герб, сваю спадчыну. Годнасьць ня можа дазволіць табе не змагацца за гэтае тваё сьвятое права. Тым болей, што нацыянальная Годнасьць можа быць агульнаю для многіх людзей адначасова.
 |
"А хто там ідзе? Беларусы. А што яны хочуць? Людзьмі звацца". |
 |
У той жа час Годнасьць павінна не дазваляць чалавеку ставіць сябе вышэй за іншых людзей, дазваляць сабе шкоднае іншым. Годнасьць - значыць не апусьціцца да прымітыўнага эгаізму і эгацэнтрызму, да шавінізму і стаўленьня сябе вышэй за іншых людзей, такіх жа вартых, як і ты. Нягоднік ня мае годнасьці.
"А хто там ідзе? Беларусы. А што яны хочуць? Людзьмі звацца". Беларускае адраджэньне - гэта стагодзьдзі змаганьня за права на ўласную годнасьць. Барацьбы за дэмакратыю як годнасьць асабістую і грамадзянскую, змаганьне супраць русыфікацыі і саветызацыі за сваю годнасьць нацыянальную. Змаганьне за беларускую годнасьць дагэтуль ня мела посьпеху. І менавіта таму зьяўляецца яшчэ большая амбіцыя, яшчэ большы выклік для кожнага з нас, аднойчы дасягнуць перамогі насуперак традыцыям папярэднікаў. Насуперак папярэднікам перастаць трываць зьнявагу ўласнай Годнасьці.
Алесь Чайчыц
Выдатны
Выдатны матэрыял, дзякуй.
Отправить комментарий