|
|
|
Моладзевы супраціў: міфы і рэальнасьць11/30/2006 - 21:09 / Дыярыюш Рушэньня Я дазволю сабе пачаць з, так бы мовіць, “пустога філасафавання”. А менавіта з немудрагелістай канстатацыі таго, што кожны малады чалавек – гэта агент будучыні. А палітыка (не блытаць з ідэалогіяй) рэч абсалютна рэальная і, калі заўгодна, штодзённая, як шкарпеткі ці бульба, нават з улікам таго, што кожная палітыка заўсёды мае нейкія стратэгічныя мэты. І калі рэальная палітыка спрабуе скарыстаць маладога чалавека дзеля ўладкавання цяперашняй палітычнай рэальнасці, дык пазбаўляе яго ўласнай функцыі – спеліць будучыню. Таму мяне заўсёды трывожыць усялякі выбух палітычнай актыўнасці моладзі. Бо я здагадваюся, што з гэтага “выбуху” не толькі кожны палітызаваны маладзён потым нечага не дабярэ ў сваім будучым, але разам з ім нешта страціць і сама будучыня. Аднак гэта не ад нас залежыць, што маладыя прыходзяць у палітыку… Затое ад нас залежыць ці зразумеем мы, чаго і дзеля чаго яны прыходзяць у палітычны дыскурс? Як мне ўяўляецца, пакуль мы не шмат абазнаналіся ў падставах маладога супраціва і таму механістычна надалі яму статус аднаго з шэрагу іншых палітычных суб’ектаў, упісаўшы маладзёвы супраціў ў агульны палітычны кантэкст, а потым пачалі ацэньваць па крытэрыях, стандартных для ўсіх астатніх палітычных суб’ектаў. А як можа быць інакш, нібыта слушна заўважыць нехта, калі ўжо колькі год існуюць маладзёвыя структуры, якія і публічнымі дэкларацыямі, і рэальнымі справамі цалкам пазыцыянуюць сябе ў якасці менавіта палітычных суб’ектаў, да таго ж часам і найбольш ярка выглядаюць наўсцяж усяго палітычнага дыскурсу краіны.. Заўвага, безумоўна, слушная, але адно пакуль мы ўзіраемся ў фармальныя праявы палітычнага супраціву моладзі. Бо як толькі нехта паспрабуе зазірнуць ў ягоную сутву, дык адразу ўбачыць, што гэтай сутвай з’яўляецца не палітыка, а гульня. Інакш кажучы, палітыка для маладога чалавека ўсяго толькі адна з формаў гульні. Паколькі насамрэч яму не істотна ўва што гуляць: футбол, хакей, таквандо, лайнс ці палітыку. Хаця ў кожным разе складана зразумець, чаму адзін з іх выбірае баруканне на спартовым дыване, а другі — на асфальце з “амонаўцам”? Тут нехта мне зноў заўважыць, маўляў, нічога сабе гульня, калі потым за ўдзел у ёй можа давядзецца правесці ладную частку свайго маладога жыцця за кратамі? Каб давесьці, што адно зусім не пярэчыць другому, я дазволю сабе згадаць уласны досвед з маладосці. Прыкладна ў тыя самыя свае гады, ў якія сённяшнія лідэры “Маладога фронту” запар адзін за адным адбываюць ладныя тэрміны турэмнага зняволення (і не толькі яны адныя), я ужо быў кандыдатам у майстры спорту па горнаму турызму. І, натуральна, карыстаўся з кожнай магчымасці, каб выпраўляцца ў самыя складаныя вандроўкі па гарах, зусім ясна ўсведамляючы, што аднойчы магу адтуль увогуле ніколі не вярнуцца. Заўважу, гэтая магчымасць невяртання не трымалася хоць якой універсальнай ідэяй, кшталту незалежнасці, свабоды ці дэмакратыі, а толькі звабай самой гульні. Але нягледзячы на гэта, я гуляў у небяспечную гульню сваёй маладосці амаль да сталага веку. Дарэчы, палітыка, якая пачынаецца як гульня, для некаторых сённяшніх маладых беларусаў напэўна таксама станецца справай на ўсё жыццё. Толькі не трэба на падставе адзінкавых выпадкаў рабіць залішніх абагульненняў. У падлеткавым узросце амаль усе пішуць вершы, аднак толькі адзінкі з іх абяруць літаратуру сваёй прафесіяй, а сапраўдным паэтам можа і ўвогуле ніхто не станецца. А далей трохі пра моладзевы супраціў у звязку з сакавіцкімі падзеямі і іхнім наступным працягам… Сакавіцкая Плошча ўжо стала замацавалася адным з самых яркіх і прыгожых міфаў нашай сучаснай палітычнай гісторыі. А калектыўным аўтарам гэтага міфа была перадусім палітычна актыўная моладзь. З апошніх маіх словаў выглядае, нібыта я пярэчу сам сабе… Ні ў якім разе. Так, моладзь, разам з уладай (якая чамусьці дазволіла Плошчы быць столькі дзён) і заўсёды прагнымі да “свежаніны” СМІ стварылі надзвычай прыгожы міф. Але ці мае ён хоць нейкае дачыненне да рэальнай палітыкі? Давайце гіпатэтычна ўявім сабе, што сакавіцкай Плошчы з яе намётавым лагерам увогуле не было б… І што, хіба нешта перамянілася б з гэтага (на лепшае ці на горшае – тут не істотна) не толькі ў агульнанацыянальным, але хаця б у апазіцыйным палітычным полі? Мне здаецца, у канцэптуальным плане – нічога. Казулін усё роўна сядзеў бы ў турме, Лябедзька гэтаксама ладзіў бы чарговы кангрэс, а Мілінкевіч як ездзіў, гэтак і ездзіў бы з Парыжа ў “Смалевічы”, а з “Смалевічаў” у Брусэль. З усяго гэтага хоць каму не складана зрабіць выснову, што сакавіцкая Плошча была не палітычнай, а паэтычнай падзеяй, гульнёй у рэвалюцыю, а не рэвалюцыяй. Апошнім (гульнёвай сутвай Плошчы) перадусім і тлумачыцца той факт, што ўжо уласна палітыкі не знайшліся як яе рэальна скарыстаць у сваіх мэтах. Што цалкам зразумела, бо “гераічная паэма” ў палітычнай барацьбе прыдатная толькі для цытавання перад натоўпам (натуральна, палітыкі яе яшчэ доўга будуць цытаваць)… Дарэчы, дапяўшы ў сваіх развагах пра моладзевы супраціў да сакавіцкай Плошчы, раптам падумалася, чаго гэта я займаюся голым тэарэтызаваннем, калі ў мяне самога поўная хата гэтага “моладзевага супраціву”. Мой сын яшчэ ў школе стаўся сябрам “Маладога фронту”, непаўналетнім быў асуджаны за ўдзел у нейкай абсалютна дурнотнай акцыі дарослых палітыкаў, пазней пераважна стаў займацца культурніцкай дзейнасцю, але з Плошчы некалькі дзён вяртаўся толькі ранкам… Дачка, хоць асаблівай палітычнай актыўнасцю не вызначалася, але раней і свой беларускі ліцэй у пікетах абараняла, і на Плошчы дзень пры дні з сяброўкамі таўклася… Таму я натуральна вырашыў папытаца ў іх, што яны думаюць пра моладзевы супраціў? Сын, дарэчы схільны да сістэмнай аналітыкі, на маё пытанне, ці адбыўся пасля Плошчы нейкі пазітыўны зрух у моладзевым супраціве, адказаў жорстка і адназначна: “Моладзевы супраціў, — сказаў ён,– разам з усёй палітычнай апазіцыяй покатам ляжыць на самым дне сваіх магчымасцяў. А Плошча – гэта сітуацыйны эпізод, хаця пераважна падрыхтаваны і здейснены тымі, хто быў выхаваны “Маладым фронтам”. Флэш-мобы для яго застаюцца незразумелай з’явай, бо: а) ніхто не ведае іх ініцыятараў; б) з чаго яны раптам з’явіліся; с) куды гэтаксама раптам пазнікалі да звання. Пасля гэтага,– паводле ягонага меркавання,– маладзёвы супраціў зноў лёг на тое самае дно, дзе з астатняй палітычнай апазіцыяй ужо даўно ляжыць амаль непарушным покатам. Адзінае, што засталося ад сакавіцкіх падзеяў, шматлікія бел-чырвона-белыя пазначкі на вопаратках і заплечніках маладых людзей. “А гэта значыць,– напрыканцы заўважыў сын, — што ёсць даволі хлопцаў і дзяўчатаў, гатовых да пратэсту, але іх няма каму арганізаваць на нейкую справу”. Дачка вучыцца ва Універсітэце культуры, дзе практычна няма нацыянальнага асяродку (во парадокс!) і таму там, паводле яе словаў, амаль нікога не цікавіць ніякі супраціў… Праўда, і сын, і дачка аднолькава сцвярджалі, што ў сваёй бальшыні моладзь крытычна ставіцца да ўлады, зрэшты, як і да апазіцыі. А што да Універсітэта культуры дык, па словах дачкі, нічога, акрамя пакепвання яна не чула і адносна тых, хто стаяў на Плошчы. Зразумела, меркаванні маіх дзяцей, хай ужо і зусім дарослых, — гэта не сацыялогія, а ўсяго толькі прыватны выпадак. Але і гэты прыватны выпадак я хацеў бы скарыстаць у падмацаванне засцярогі ад залішніх спадзяванняў тых публіцыстаў і аналітыкаў, якія, абапіраючыся на растыражаваная незалежнымі медыя паведамленні пра арышты, флэш-мобы, пікеты, петыцыі і г.д і да т.п. робяць высновы аб моладзевым супраціве як аб рэальнай палітычнай сіле. І сёй-той ім лёгка дае веры, маўляў, калі моладзь з’ініцыявала рэвалюцыі у Югаславіі, на Украіне і шмат дзе яшчэ, дык чаму яна не можа зрабіць нешта падобнае ў нас? Ну, па-першае, гэта яшчэ толькі праз немалы час мы напраўду даведаемся, наколькі сапраўды значнай была роля моладзі ў тых рэвалюцыях. А па-другое… Кожны прыклад з іншай сітуацыі кажа, што ўвогуле гэта магчыма, але ён зусім не кажа, што гэта магчыма ў нашай сітуацыі. Але зусім не апошняе істотнае для майго невялічкага эсэя, а менавіта тое, з чаго ён пачынаўся. Таму дазволю сабе паўтарыць пачатковую канстатацыю. Малады чалавек як па сваёй прыродзе (акамулятар сексуальнага), так і па свайму прызначэнню (агент будучыні) не-палітычны чалавек. І сутнасна ў ім нічога не меняецца з таго, што ён, патрапіўшы ў палітычны дыскурс, нейкі час актыўна гуляе ў палітыку… Будзем памятаць: ён проста гуляе. Валянцін Акудовіч |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Отправить комментарий