|
|
|
Яго барацьба (частка 1)01/09/2006 - 03:59 / Баўтрамей Горбач
«Мая барацьба» - кніга, якая знаходзіцца пад афіцыйнай і неафіцыйнай забаронай практычна ўва ўсіх краінах сьвету. Нават яе назву прынята не перакладаць, а пакідаць містычна-незразумелым для бальшыні абываталяў заклёнам “Майн кампф”, каб быццам бы ніводнага байту яе зьместу ня сталася даступнай шэраговаму чалавеку. Пры гэтым сама па сабе кніга – патрэбная і карысная для чытаньня, хаця і сапраўды небясьпечная для людзей уражальных або нязрэлых. Ніводны іншы твор не адчыняе матывацыі і сутнасьці нацызму, крайняга нацыяналізму, як напісаная будучым галоўным тыранам 20 стагодзьдзя “Мая барацьба”. Больш за тое, кніга як ніякая іншая распавядае, наўпрост ці паміж радкоў, мэты і матывацыю, лёгіку і мэханізмы функцыянаваньня любое таталітарнае сыстэмы, любога таталітарнага рэжыму, якой бы ідэалёгіяй ён не аздабляў сваё тэарэтычнае абаснаваньне. Кніга пабудаваная на базе біяграфіі самога Адольфа Гітлера, і пачынаецца з апавяданьня пра яго юнацтва. Школа, суворы бацька, нечакана няўдалая спроба паступіць ва ўнівэрсытэт у Вене. Біяграфія Гітлера паступова перацякае ў нататкі пра жабрацкае йснаваньне венскага пралетарыяту, пра цынічную і прадажную прэсу, гібеючую Аўстра-вугорскую імпэрыю і пра несправядлівасьць пабудовы гэтага сьвету. Мы бачым, як пакрыўджаны на ўвесь жорсткі сьвет малады чалавек робіцца антысэмітам і радыкальным нацыяналістам. Пасьля няўдачаў на радзіме, Гітлер пераяжджае ў абагаўляную ім Нямеччыну, у Мюнхен, дзе празь некалькі год ён сустракае пачатак Першае Сусьветнае вайны, якая быццам бы дае яму прытулак. Здаецца, ён знаходзіць сябе ў гэтай нянавісьці да дзяржаваў-праціўнікаў, да “слабых” і “здраднікаў” па гэты бок фронту. Паранены, Гітлер знаходзіцца ў шпіталі ў Бэрліне, калі вайна заканчаецца. Нарэшце, у кнізе апісваецца першая палітычная актыўнасьць Гітлера і ўзьнікненьне NSDAP, яе разьвіцьця ад маленькага сьмешнага гуртку з шасьці чалавекаў, куды прыйшоў сам Гітлер, да буйнае палітычнае сілы, якая на момант напісаньня кнігі зьбірала тысячы людзей на сваіх мерапрыемствах і ўжо выходзіла за межы Мюнхена. На працягу ўсяе кнігі аўтар крок за крокам асьвятляе асноўныя пастуляты і складнікі ідэалёгіі нацыянал-сацыялізму, па меры таго, як да іх прыходзіць і сам галоўны герой кнігі. Першы складнік нацысцкае ідэалёгіі – гэта, безумоўна, крайні нацыяналізм і расызм з супярэчлівай жывёльнай нецярпімасьцю да іншых народаў і расаў, прыцягненьнем “законаў джунгляў” у міжнацыянальныя стасункі. Чарльз Дарвін і Фрыдрых Ніцшэ былі б вельмі апячаленыя, калі б даведаліся, якога вучня выгадавалі. Абстрактны “арыец” у Гітлера – “вяршыня сьветабудовы” і пачынальнік чалавечае цывілізацыі як такое. «Было б цалкам марным заняткам спрачацца пра тое, якая раса ці якія расы былі першапачатковымі носьбітамі ўсяе чалавечае культуры, а значыцца і заснавальнікамі таго, што мы цяпер называем “чалавецтвам”. Прасьцей адказаць сабе на гэтае пытаньне, калі мы будзем мець на ўвазе толькі сучаснасьць. […] У мінулым менавіта арыйцам належала гэтая найвышэйшая роля, то бок […] арыйцы сталіся заснавальнікамі чалавецтва. Арыец ёсьць Прамэтэй чалавецтва, чыя сьветлая галава была адораная Боскай зьнічкай геніяльнасьці. Яму было наканавана запаліць першыя агенчыкі чалавечага розуму, якія асьвятлілі навакольную сусьветную цемру і адчынілі чалавецтву шлях да сусьветнага панаваньня. Калі паспрабаваць зьменшыць ролю арыйца суцэльная, цемра зноў апусьціцца на Зямлю цягам усяго некалькіх тысячагодзьдзяў, і чалавечая культура зьнікнее, а сьвет станецца пустым. […]Менавіа арыйцы стварылі, так бы мовіць, фундамэнт і муры ўсяго створанага чалавекам. Іншыя народы толькі наклалі свой адбітак на зьнешнасьць і афарбоўку. Усе асноўныя пляны чалавечага прагрэсу, усе найбольшыя камяні, неабходныя для будаўніцтва – усё гэта даў арыец. Іншым расам належала толькі выкананьне плянаў.» Гітлер віруозна спрашчае і жанглюе фактамі ў апісаньні “арыйскае” магутнасьці і славы, сьціпла замоўчвае Кітай, Эгіпет, Мэсапатамію і іншыя “неарыйскія” старажытныя цывілізацыі, старэйшыя за “арыйскія” Грэцыю і Рым. Пры гэтым не раскрытая тэма стасункаў і стаўленьня да іншых “арыйскіх” народаў, не пазначаны крытэр “арыйскасьці” як такое. З аднаго боку, Гітлер прызнае французаў за “арыйцаў”, але пры гэтым ні на водную іншую краіну ён не вылівае столькі нянавісьці. Ён спрабуе заляцацца да Вялікае Брытаніі і называе “пераважна германскай” краінай ЗША, але ўсё роўна асаблівых сымпатый да іх ня мае, хіба што ставячы прыкладам для Нямеччыны. Гітлер крытыкуе зьмяшэньне расаў, якое, маўляў, вядзе да “паніжэньня ўзроўня расы” і “паслабеньня сілы да супраціву”, уласьцівай, маўляў, толькі чыстай крыві. «Усё, што ня ёсьць добрай расай, ёсьць мякінай. Толькі праявы інстынкту захаваньня расы маюць сусьветна-гістарычнае значэньне – як станоўчае, гэтак і адмоўнае.» Адначасова палымяны патрыёт не адмаўляе і таго, што нават немцы самі па сабе суць рознастайная ў генэтычным пляне маса: «Дагэтуль было вельмі шкодна, што зьмяшэньне расаў не даходзіла да канцу, і што ў нас побач парацягвалі існаваць кавалкі старых самастойных расаў. Але гэта мела і пэўны добры бок: дзякуюы такому ходу працэса чысьціня крыві захавалася хаця б часткова, і частка насельніцтва выратавалася ад расавае дэградацыі. Слушна тое, што каліб працэс дайшоў да канца, перад намі быў бы цяпер больш зьяднаны народны мэхнізм, але затое яго культурны ўзровень, як мы ўжо ведаем з законаў зьмяшэньня любых расаў, быў бы ніжжэйшым за культурны ўзровень той часткі насельніцтва, якая першапачаткова стаяла ў расавым пляне вышэй. У гэтым і палягае добы бок таго, што ў нас дагэтуль не дайшло да суцэльнага зьмяшэньня расаў. Менавіта дзякуючы гэтаму ў Нямеччыне ёсьць яшчэ значныя групы паўночных германцаў чыстае крыві, у якіх нам і даводзіцца бачыць свой галоўны скарб, сваю галоўную надзею.» Такім чынам, нават свой уласны народ Гітлер па нявысьветленых крытэрах падзяляе на “лепшых” і “горшых”. Што ўжо казаць пра гэткія “нейстотныя” фактары этнагенэзу, як вялікае перасяленьне народаў, якія, зноў-ткі, проста сьціпла праігнараваныя. Сваёй пазыцыяй да пытаньня расавае чысьціні і нацыянальнасьці Гітлер шакуе, ад чытаньня яго робіцца вусьцішна. Гітлер не прызнае за іншымі права на жыцьцё, спрабуе рабіць абагульненьні і вывадзіць з прыватнасьцяў агульныя правілы. Аўтар заходзіць так далёка, што ў адзін момант закрадаюцца сумневы ў яго псыхічным здароўі і адэкватнасьці. Хоць і не апісаныя простым тэкстам, у кнізе яскрава малююцца вобразы будучых экспэрымэнтаў над людзьмі ў нацысцкіх лягерох, вымярэньне чэрапоў, сумкі з чалавечае скуры. Іншы ключавы складнік ідэалёгіі нацызму, хоць і цесна зьвязаны з нацыяналізмам, але ўсёткі варты асобнага разгледжаньня – маніякальны антысэмітызм. Габрэі і іхныя памагатыя вінаватыя па Гітлеру літаральна ва ўсім. Ахвотная да сэнсацый “ілжывая” прэса – “жыдоўская”. Аўтары “агідных п’есаў для кіно і тэатру” – жыды. Найзлейшыя ворагі нацыстаў (я б сказаў, канкурэнты, якім у кнізе таксама адведзена шмат увагі) – левыя сацыялісты, таксама “жыды”. Усе беды – ад “біржавога жыдоўскага капітала”. «Што тычыцца маральнае чысьціні, ды й чысьціні ўвогуле, дык гэта ўжо сам па сабе яскравы пункт. Што гэта зусім не аматары мыцьця можна бачыць па іх зьнешнасьці і адчуваць, на жаль, часта нават з зачыненымі вачыма. Мне, прынамсі, часьцяком рабілася блага ад аднаго паху гэтых кафтаньнікаў. Дадайце да гэтага таксама неахайнасьць адзежы і малагераічны выгляд. […]Хіба ёсьць на сьвеце хоць адна брудная справа, хоць адна бессаромнасьць якога-небудзь кшталту, асабліва ў сфэры культуры, дзе ня быў бы замешаны хоць адзін габрэй? Як у любым гнойніку знойдзеш лічынку ці апарыша, у любой бруднай гісторыі ты наткнесься на жыдочка.» Гітлераў антысэмітым сягае часам абсурда. Па яму, кожны габрэй ужо ў сілу свайго нараджэньня імкнецца паразытаваць на прадстаўніках “вышэйшае расы”, кожны габрэй – удзельнік сусьветнае змовы, і без выключэньня ўсё, што робіць гэта шматпакутны народ, накіравана на запрыгонваньне “арыйца”. Антысэміцкая гітлераўская параноя і манія перасьледу, бачаньне рукі ўсясьветнае змовы жыдамасонаў ува ўсім і паўсюль магло б нават выклікаць усьмешку, калі ня ведаць, да чаго ўсё гэта прывяло. «Маё стаўленьне да жыдоўства моцна сапсавалася пасьля таго, як я пазнаёміўся зь яго дзейнасьцю ў прэсе, у мастацтве, у літаратуры, у тэатры. Ніякія добрадзейныя запэўніваньні не маглі дапамагчы тут. Было дастаткова падысьці да любога афішнага слупа, пазнаёміцца зь імёнамі айцоў усіх гэтых агідных п’есак для кіно і тэатра, каб надоўга заняць жорсткую пазыцыю да іх. Гэта чума, сапраўдная духоўная чума, горш за тую чорную сьмерць, якой некалі зражалі народ. Пры гэтым у якой вялізарнай колькасьці стваралася і распаўсюджвалася гэтая атрута! Канечне, чым ніжэй духоўны і маральны ўзровень такога фабрыканта мярзоты, тым бязьмежней яго пладавітасьць. […] Падумайце пры гэтым пра вялізную колькасьць такіх суб’ектаў. Падумайце – на аднаго Ґётэ прырода дорыць нам дзесяць тысяч гэткіх пэцкуноў, кожны зь якіх заражае душы людзей сваім брудам. […] Каб забясьпечыць уласную палітычную бясьпеку, жыды спрабуюць разбурыць усе расавыя і грамадзянскія бар’еры, якія абмяжоўваюць іх на кожным кроку. Дзеля гэтага жыды з усёй уласьціваю ім чэпкасьцю пачынаюць барацьбу за рэлігійную верацярпімасьць. Масонства, якое цалкам знаходзіцца ў руках жыдоў, служыць ім выдатным інструмэнтам у махлярскай барацьбе за гэтыя мэты. Празь ніткі масонства кіраўнічыя колы, найбольш уплывовыя ў палітыцы і эканоміцы слаі трапляюць у кіпцюры жыдоўства, нават не здагадваючыся пра гэта... » і гэтак далей. Абавязковы элемэнт любое пабудаванае на нянавісьці ідэалёгіі – гэта таталітарызм, адмаўленьне свабоды і ініцыятывы зьнізу, імкненьне падначаліць цэнтралізаванаму парадку ўсю чалавечую дзейнасьць. Гітлер крытыкуе сыстэму парлямэнцкае дэмакратыі за неэфэктыўнасьць і выключэньне асабістае адказнасьці тых, хто прымае рашэньні, за наступствы гэтых рашэньняў. Калектыўнае кіраваньне прыводзіць да распушчаньня асабістае адказнасьці ў бязьлікай масе, да фактычнае беспакаранасьці ў выпадку нават самых грубых памылак. «Што мне больш за ўсё трапілася ў вочы, дык гэта суцэльная адсутнасьць асабістае адказнасьці. Парлямэнт прымае нейкае рашэньне, наступствы якога могуць быць ракавымі. І што ж? Ніхто за гэта не адказны, нікога не прыцягнуць да адказнасьці. Хіба сапраўды можна лічыць адказнасьцю тое, што пасьля нейкага адчайнага краху вінаваты ў гэтым урад вымушаны зысьці? Ці што адпаведная кааліцыя партыяў распадзецца і створыцца новая кааліцыя? Ці нават калі распускаецца палата? Ды хіба можа ўвогуле нейкая хісткая большасьць людзей несьці нейкую сур’ёзную адказнасьць? Хіба не зразумела, што сама ідэя адказнасьці зьвязаная з асобай!» Сам прынцып фармаваньня парлямэнта як органа, закліканага вызначаць лёс цэлае краіны, ляжыць не ў адборы наёлепшых прадстаўнікоў грамадзтва і найлепшых спэцыялістаў, але ёсьць спаборніцтвам у перакананьні масаў у сваёй прыцягальнасьці як лідара, і вакханаліяй банальнага папулізму. «Усе ж мы ведаем, што задачу дзяржаўнага кіраўніка сёньня бачаць ня гэтулькі ў тым, каб ён меў творчае мысьленьне і творчы плян, колькі ў тым, каб ён умеў папулярызаваць свае ідэі перад статкам баранаў і дурняў, а потым выкленчыць у іх ласкавую згоду на праведзеньне ягоных плянаў. Хіба ўвогуле можна падыходзіць да дзяржаўнага дзеяча з тым крытэрам, што ён абавязкова павінен у такой жа ступені валодаць здольнасьцю пераконваць масу, як і здольнасьцю прымаць мудрыя рашэньні і пляны? Ды хіба ўвогуле было калі-небудзь, каб гэты натоўп людзей зразумеў вялікую ідэю раней, чым практычны посьпех гэтае ідеі пачаў гаварыць сам за сябе? Ды хіба ўвогуле любое геніяльнае дзеяньне ў нашым сьвеце ня ёсьць выразным пратэстам супраць коснсьці масы? Ну, а што рабіць дзяржаўнаму дзеячу, якому не ўдалося нават якой заўгодна лісьлівасьцю ўвайсьці ў ласку гэтага натоўпа? » Гітлеравы аргумэнты вельмі асэнсаваныя і нават пераканаўчыя, яму сапраўды цяжка тут у нечым запярэчыць, хаця на сёньняшні дзень апісаная сытуацыя выглядае яўна гіпэрбалізавана. Для свайго часу гэткая крытыка, хутчэй за ўсё, была абгрунтаванай, як была абгрунтаванай і крытыка сацыялістамі бесчалавечнае эксплюатацыі рабочых пры канцы 19 – на пачатку 20 стагодзьдзяў. |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Отправить комментарий