|
|
|
Слуцкi збройны чын11/26/2006 - 13:56 / Алесь Гелагаеў
Восеньню-зімой 1920 году Случчына стала сапраўдным сэрцам Беларусі. У той час як бальшавіцкая Масква і шавіністычная Польшча дзялілі ў Рызе жывое цела беларускага народу, тысячы беларусаў узялі у рукі зброю, каб бараніць незалежнасьць сваёй Радзімы. Прычым гэта была ня стыхіная акцыя, спароджаная выбухам пратэсту супраць гвалту бальшавікоў у дачыненьні да сялянства, у якога забіралі апошні хлеб і жывелу. Масавы рух за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку быў вынікам працы беларускіх нацыяналістаў-незалежнікаў, якія рупіліся на карысьць беларускае справы ды пашырэньня нацыянальнае сьвядомасьці. На чале масаў беларускага сялянства сталі актывісты мясцовых нацыянальных арганізацыяў, сфармаваўшых палітычны цэнтар паўстаньня - Беларускую Раду Случчыны, якую абралі на праведзеным Беларускім Зьезде Случчыны. 17 лістапада Рада Случчыны пачала мабілізацыю насельніцтва. Была сфармаваная Першая Слуцкая брыгада войскаў БНР у складзе двух палкоў - Слуцкіх стральцоў і Грозаўскага. Усяго, як піша камандзір брыгады капітан Антон Сокал-Кутылоўскі, у складзе брыгады было да 10 000 жаўнераў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Беларускія жанчыны вышылі для палка Слуцкіх стральцоў сьцяг і падаравалі змагарам. Больш за месяц случчакі стрымлівалі бальшавікаў, пераходзілі у наступ, адбіваючы ў іх значныя абшары. На вуліцах Слуцку быў разбіты батальён чырвоных. У Капылі беларускія жаунеры захапілі ў палон цэлую роту чырвонаармейцаў. Палонных ўвогуле было шмат, часта яны ўступалі ў беларускія аддзелы. I гэта пры тым, што падчас першых баёў палонных чырвонаармейцаў толькі абяззбройвалі і адпускалі на волю! Потым, калі стала вядома, аб пяцёх беларускіх выведніках, якіх закатавалі у маскоўскім палоне, гэтая практыка скончылася. Даволі хутка бальшавікі замянілі свае звычайныя часткі, у якіх часткова былі й беларусы, на асабліва адданыя ім аддзелы з азіяткай часткі Расеі.
Але беларусы працягвалі змагацца - чырвоныя страцілі Вызна, Семяжова. Бальшавікі дадаткова накіравалі на фронт тры адборныя карацельныя "інтэрнацыяналістычныя" дывізіі, складаныя пераважна з кітайцаў. Пачаліся цяжкія абаронныя баі, адступленьне. Пры адыходзе з-пад Семяжова быў такі выпадак: адзін беларускі жаўнер не схацеў паказваць спіны атакуючым бальшавікам, павярнуўся да іх і пачаў пець: "Адвеку мы спалі і нас разбудзілі…" і ў гэты час страляў, паступова адыходзячы да сваіх. Узброеныя аддзелы паўстанцаў, сьцякаючы крывею, адступілі за раку Лань - на "польскую" тэрыторыю. Але змаганьне за Беларусь працягвалася. Па ўсей краіне дзеялі вялікія й малыя беларускія партызанскія атрады, чуліся стрэлы, выбухі, чэргі кулямётаў.
Ці ня было паўстаньне бязвыніковай і бязнадзейнай справай? Так, калі лічыць ягоным адзіным вынікам фізычную перамогу ворагаў Беларусі. Але на самой справе Слуцкі збройны чын стаў школаю патрыятызму для пакаленьняў беларусаў, акцыяй, падчас каторай выявілась прага нашага народу да волі. Кроў, якую пралілі беларускія жаўнеры, не прайшла на марна. Праз гады на беларускай зямлі зноў пацягнуліся да гары парасткі Свабоды. Збройнае змаганьне Слуцкае брыгады паказала ўсяму сьвету, што беларусы ня зьмірацца з панаваньнем чужынцаў. I якімі б дамовамі ці пагадненьнямі ні ймкнуліся акупанты зьнішчыць незалежную Беларусь і замацаваць сваё захопніцтва, усё гэта распаўзецца, як струхлелая тканіна, а прыгнечаны народ верне сваю Волю. --- З дакумэнтаў Ухвала Беларускага Зьезду Случчыны Першы Беларускі Зьезд Случчыны, скліканы ў лічбе 107 дэлегатаў, вітае Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і сьведчыць, што ўсе свае сілы аддасьць на адбудову Сваёй Бацькаўшчыны. Зьезд катэгорычна пратэстуе проці акупацыі родных зямель чужацкімі наездамі і проці самазванай Савецкай улады, як урад Кнорына і іншыя, якія паўтвараліся на Беларусі. Бацькаўшчына наша зруйнавана чужынцамі, якшя нішчаць яе і да гэтуль, і мы. аддаючы справе адбудованьня нашай Бацькаўшчыны ўсе нашы сілы і жыцьця, зьвертаемся да ўсяго сьвету і Саюзу Народаў аб дапамозе ў стварэньні нашай вайсковай сілы… Няхай жыве вольная, незалежная, дэмакратычная Беларуская Народная Рэспубліка ў яе этнографічных граніцах! "Мы - працоўны, сялянскі народ і для абароны сваёй зямлі патрабуем аднаго - аружжа, бо ня маемо яго ў дастатачным ліку і ня можэмо зрабіць. А калі беларуская брыгада дастане аружжа, дык яе ня зломіць бальшавіцкая армія. Ня зломіць дзеля таго, што бальшавікі ідуць рабаваць чужую зямлю, а мы - бараніць сваю. А калі бы і зламалі? Няхай! Дорага ім дасца гэная перамога, ды наўрад ці чаго яна будзе варта. На зямлі народу, які паўстаў і замагаецца за сваю незалежнасьць, не ўседзе чужынец. Змаганьне з ім будзе ісьці і далей у тых, ці іншых формах, і, нарэшце, сіла народная пераможа." "Беларускае Слова" ад 3 сьнежня 1920 г. --- На грунце кнігі "Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах" Алесь Гелагаеў |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Отправить комментарий