Зварот каталіцкай моладзi Мінска
04/04/2006 - 18:30 / каталіцкая моладзь Мінска

Прыйшоў час, калі трэба дзейнічаць. Але дзейнічаць па-хрысціянску. Мы ўвесь час сядзелі і чакалі, спадзеючыся, што хтосьці ўсё павінен зрабіць за нас: звярнуцца, асудзіць, паўшчуваць і г.д.. Гэта памылка.
Я дасылаю тэкст звароту да Арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Кардынала Казіміра Свёнтка, які прапаную раздрукаваць, распаўсюдзіць па мінскіх парафіях і, сабраўшы подпісы (у 3-х экзэмплярах), накіраваць адзін непасрэдна адрасату — Кардыналу, другі — Нунцыю, а трэці захаваць у “аргкамітэце”. Магчыма, такім чынам мы зможам дапамагчы ўсім тым, хто пацярпеў у выніку вядомых падзеяў.
Ёсць тры ўмовы, якія неабходна захаваць у падрыхтоўцы гэтага звароту.
Па-першае, памятаць што гэта — НЕ ПАЛІТЫЧНАЯ АКЦЫЯ, і ніякага дачынення да палітыкі не мае. Гэта — акт міласэрнасці і хрысціянскай салідарнасці, спроба дапамагчы таму, каму цяпер цяжка.
Па-другое, зварот не можа быць адрэдагаваны або зменены нават у дробязі. Толькі ў такім выпадку мы зможам спадзявацца на тое, што ён будзе пачуты.
Па-трэцяе, перад зборам подпісаў у кожнай канкрэтнай парафіі абавязкова запытацца згоды на гэта пробашча або, прынамсі, адказнага за моладзь.
Кардынал Казімір Свёнтак
вул. Рэвалюцыйная 1а, 220030 г. Мінск
Тэл./факс +375 17 203-68-44, факс +375 17 226-90-92.
Апостальскі нунцый - Арцыбіскуп Марцін Відавіч
Адрас: вул. Валадарскага, 6, 220050 г. Мінск, Рэспубліка Беларусь
Тэлефон: +375 17 289 1584; факс: +375 17 289 1517
Няхай усім нам дапаможа Бог!
З павагай, Азазэль.
Арцыбіскупу Мітрапаліту
Мінска-Магілёўскаму
Кардыналу Казіміру Свёнтку
копія:
Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі
Арцыбіскупу Марціну Відавічу
---
Ваша Эмінэнцыя!
Мы, моладзь з каталіцкіх парафій Мінска, звяртаемся да Вас, нашага Архіпастыра, з просьбаю данесці да ўладаў нашага горада і нашай краіны нашую заклапочанасць у сувязі з падзеямі, якія адбываліся ў Мінску падчас акцый пратэсту пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў. У гэтых акцыях брала ўдзел у асноўным моладзь — нашыя сябры і аднагодкі, — многія з якіх у выніку былі збітыя міліцыяй або апынуліся за кратамі. Тыя з іх, якія з’яўляюцца студэнтамі, былі адлічаныя з навучальных установаў або знаходзяцца пад пагрозаю адлічэння. Нават калі яны ў чымсьці і вінаватыя, настолькі жорсткая рэакцыя ўлады, на наш погляд, не мае ніякага маральнага апраўдання.
Ваша Эмінэнцыя! Мы не можам звярнуцца наўпрост да ўладаў, таму што з намі можа здарыцца тое ж, што і з імі. Таму менавіта Вас — чалавека, які заўсёды мужна абараняў веру, праўду і справядлівасць, які мае безумоўны духоўны аўтарытэт як у нашай краіне, так і ў свеце, — мы просім заступіцца за нашых сяброў і аднагодкаў, якім цяпер вельмі цяжка і якім проста неабходна нашая і Вашая падтрымка.
Мы таксама просім Вас нагадаць уладам, што гэта недапушчальна, каб у мірны час на вуліцах нашага горада лілася кроў тых, хто без усялякай збороі пажадаў выказаць свой мірны пратэст. Гэта недапушчальна, каб чалавека пераследавалі толькі за яго рэлігійныя, маральныя або палітычныя погляды і перакананні. Ваша Эмінэнцыя, вы сам — былы палітвязень, а таму хто ж, як ні Вы, можа лепш зразумець маральныя і фізічныя пакуты гэтых людзей, многія з якіх толькі пачынаюць сваё дарослае, самастойнае жыццё? Хто, калі не Вы — сапраўдны Сведка Веры, — можа выступіць у абарону найбольш безабаронных?
Ваша Эмінэнцыя! Мы разумеем, што нават гэты звычайны акт міласэрнай любові з боку Пастыра Касцёла можа ўскладніць і без таго цяжкае становішча Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Таму мы абяцаем, што са свайго боку будзем яшчэ больш аддана і шчыра маліцца, каб Пан Бог і Найсвяцейшая Багародзіца Марыя абаранілі Вас і даручаны Вашай пастырскай апецы люд Божы ад усялякага зла.
З малітваю,
каталіцкая моладзь Мінска.
подпісы
каталіцкая моладзь Мінска
Отправить комментарий