|
|
|
Аляксандар Мілінкевіч будзе судзіцца з БТ09/05/2006 - 14:30Аляксандар Мілінкевіч на гэтым тыдні зьбіраецца абскардзіць праз суд паведамленьні першага каналу Беларускага тэлебачаньня, якія, як ён лічыць, дыскрэдытуюць яго і ягоную сям’ю. Учора на БТ у перадачы “У цэнтры ўвагі” выйшаў чарговы сюжэт, дзе паведамлялася, што старэйшы сын Мілінкевіча Аляксандар скупляе сядзібы ў роднай вёсцы Бершты Шчучынскага раёну. У апошнім сюжэце БТ паведамляла, што сын апазыцыйнага палітыка Аляксандар скупляе ўчасткі і будуе сядзібы за грошы Захаду, і таксама заявілі, што ў гэтых будынках могуць праводзіцца апазыцыйныя сходы. Лідэр апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч ацаніў гэты сюжэт БТ як працяг кампаніі дзеля дыскрэдытацыі ягонай сям’і: (Мілінкевіч: ) “Двух сыноў ужо брудам аблілі, цяпер ужо трэцяга, апошняга… Гэта не сядзібы, гэта старыя сялянскія хаты, пабудаваныя да вайны, пустыя, якія стаяць у вёсцы. Я вельмі хачу адрадзіць вёску Бершты, і сын мне ў гэтым дапамагае. Мы хацелі б займацца экалягічным турызмам, адрадзіць рамёствы. Таксама такі плян ёсьць”. Старэйшы сын спадара Мілінкевіча Аляксандар, якому больш за трыццаць гадоў, сапраўды нядаўна купіў дзьве занядбаныя сядзібы ў Берштах. У адным са сваіх будынкаў у Берштах спадар Мілінкевіч ужо разьмясьціў этнаграфічны музэй, паведаміла ягоная жонка Іна Кулей. Як зазначыла Іна Кулей, у суд Першамайскага раёну Менску ўжо падрыхтаваныя скаргі на БТ — з нагоды зьнявагі гонару й годнасьці ў перадачах “У цэнтры ўвагі” 13 і 27 жніўня. (Кулей: ) “Гэта поўная абраза і няпраўда, тэлебачаньне ня мае права абліваць брудам людзей”. Паводле Іны Кулей, учорашнюю перадачу БТ яшчэ вывучаюць юрысты. Вядоўца праграмы “Ў цэнтры ўвагі” Юры Пракопаў перакананы, што ў апошніх яго перадачах не было нэгатыўных ацэнак Мілінкевіча і ягонай сям’і. Што ж да таго, што самому Мілінкевічу не далі слова, то, паводле спадара Пракопава, канцэпцыя сюжэту гэтага і не прадугледжвала. Тое ж, што ягоная перадача трэці раз запар зьвяртаецца да праблемаў сям’і Мілінкевіча, спадар Пракопаў патлумачыў гэтак: (Пракопаў: ) “У нас па Мілінкевічу ніякай кампанейшчыны няма. Паведамляем па меры зьяўленьня цікавай інфармацыі. Якая ж тут дыскрэдытацыя? Наадварот — добра”. У Навадворскім сельсавеце Шчучынскага раёну адмовіліся камэнтаваць інфармацыю БТ пра А.Мілінкевіча. |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Отправить комментарий