Эўропа ня хоча спрашчаць візавы рэжым для беларусаў
01/31/2006 - 01:40Аляксандар Мілінкевіч сёньня падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Эўрапейскага Зьвязу прапаноўваў спрасьціць візавы рэжым для грамадзян Беларусі.
Паводле міністра замежных справаў Эстоніі Урмаса Паэта, Аляксандар Мілінкевіч, выступаючы перад кіраўнікамі МЗС краінаў Эўразьвязу, казаў наступнае:
(Урмас Паэт: ) "Паводле Мілінкевіча галоўнае, у чым сёньня Захад можа дапамагчы Беларусі – гэта перадача праўдзівай інфармацыі пра тэлевізійныя і радыёканалы, а таксама палітыка адчыненых дзьвярэй для моладзі, спартоўцаў і дзеячаў культуры".
Некаторыя дзяржавы Эўразьвязу на чале зь Літвой і Польшчай на сёньняшняй нарадзе міністраў замежных справаў прапаноўвалі спрасьціць візавы рэжым Эўразьвязу для беларускіх грамадзянаў.
Аляксандар Мілінкевіч сёньня прапаноўваў гэтую меру і ў размовах з кіраўніцтвам Эўразьвязу – Вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу у пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Хаўіерам Саланам і камісарам Эўразьвязу ў зьнешніх сувязях і палітыцы суседзтва Бэнітай Фэрэра-Вальднэр.
Аднак апанэнты гэтай прапановы адзначаюць, што ня варта ствараць для беларускіх грамадзянаў больш спрыяльныя ўмовы ў візавых пытаньнях, чым для грамадзянаў краінаў, сытуацыя з правамі чалавека ў якіх значна лепшая, чым у Беларусі.
Выніковая заява міністэрскай нарады Эўразьвязу ўтрымлівае толькі абяцаньне дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасьці, а тэза пра спрашчэньне візавага рэжыму для беларускіх грамадзянаў у дакумэнт не патрапіла.
Крынiца: http://www.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2006/1/3DB0BA0D-EEE5-413D-AC97-78EFF100D485.html
Отправить комментарий