Тебе судьбу мою вершить,
Мне без тебя уже не жить…
У пачатку лістапада бягучага году сталі вядомыя зьвесткі, паводле якіх менскі футбольны клюб Тарпеда спыняе сваё 58-гадовае існаваньне (другое па ўзросьце ў Беларусі пасьля Дынама Менск) ды, мажліва, аб’ядноўваецца з ФК Зьмена. Новы гібрыд мусіць займець назву ФК Мінск ды спансавацца, апрача іншых, сталічным Менгарвыканкамам. Пры гэтым зьмяняюцца колеры каманды і, што самае галоўнае, назва, шматгадовы брэнд аўтазаводзкай дружыны.
Некалі пасьля вайны ў 1947 годзе МАЗ вырашыў стварыць пры сабе шэраг спартовых клюбаў: футбольны, хакейны і баскетбольны. Усе яны пасьпяхова выступалі ў першынстве БССР, займаючы ганаровыя месцы, часам выйграваючы ў спаборніцтвах. Каманды былі тварам заводу, працоўныя ня толькі горача падтрымлівалі родныя каманды, але і выступалі ў іх складзе. Пасьля набыцьця сувэрэнітэту ФК Тарпеда пачало выступаць у вышэйшай (тады першай) лізе чэмпіянату Беларусі. Аўтазаводцы двойчы займалі 4-е месца, гулялі ў фінале Кубку РБ. У складзе чорна-белых гулялі вядомыя цяпер гульцы зборнай нашай краіны і замежных клюбаў: С. Амельянчук (Лакаматыў, Масква) , У. Карыцька (Церак, Грозны), П. Кірыльчык (Крыўбас, Крывы Рог) і многія іншыя.
Праз каманду прайшлі такія людзі, як У. Макоўскі, С. Герасімец, якія ў прадстаўленьні ня маюць патрэбы. Тарпеда зьяўлялася самабытным, самадастатковым калектывам з уласным почыркам гульні, духам. Менавіта ён, апошні, аб’ядноўвае сотні людзей, усім сэрцам адданы клюбу іх жыцьця.
Летась каманда згубіла замежнага спонсара, які на працягу апошніх год уліваў у яе значныя сродкі, і ў выніку гэтай страты (ды праз іншыя вынікаючыя юрыдычныя акалічнасьці) была вымушаная апусьціцца ў другую лігу замест таго, каб працягнуць выступ у вышэйшай. Гэта было, безумоўна, моцным ударам для ўсіх: і трэнераў, і гульцоў, і прыхільнікаў. Трэнерскі склад Тарпеда збольшага памяняўся, новым коўчам стаў былы трэнер дубля Л. А. Савіцкі, а гуляць пачалі леташнія дублёры, падмацаваныя парачкай вопытных ‘‘вэтэранаў’', якія ня кінулі чорна-белы штандар. Нязьменным застаўся і лягер прыхільнікаў аўтазаводцаў. Вымушаны вылет у другую лігу быў мужна прыняты большасьцю тарпедаўскіх заўзятараў. Праўда, некаторыя адвярнуліся ад клюба, маўляў, 3-і дывізіён — гэта багна і хварэць за каманду адтуль ніжэй за іх годнасьць. Перакінуліся ў стан заўзятараў іншых сталічных камандаў (напр., Лакаматыва, МТЗ-РІПА). Але пакінем гэта на сумленьні гэтых адзінкавых асобаў.
Тарпеда прайшло гэты сэзон на адной назе, не прайграўшы ніводнай сустрэчы, толькі чатыры разы згуляўшы ў нічыю. Заўзятары чорна-белых езьдзілі за сваімі па ўсёй Беларусі: ад Шклова да Мастоў. І гэта нягледзячы на тое, што кіраўніцтва клюба заплюшчвала вочы на хамства людзей у форме адносна фанатаў. Урэшце рэшт аўтазаводцы фэерычна завершылі сэзон, выйграўшы дома жлобінскі Камунальнік. Прыхільнікі пад праліўным дажджом стоячы зладзілі сваім улюбёнцам авацыю, запаліўшы фаеры, пусьціўшы канфэці, прасьпяваўшы родныя гімны: ‘‘Слава, слава чорна-белым!''. Узровень падтрымкі відавочна быў адным з найлепшых нават у вышэйшай лізе, не кажучы ўжо пра другую. Каманда сфатаграфавалася на памяць разам з фанатамі. Абдымкі, усьмешкі… нішто не прарочыла бяду.

І тут на нас, як гром сярод яснага неба, навалілася гэтая сумная навіна. Спачатку ўсе былі папросту шакаваныя, такі сцэнар падзеяў ня мог прысьніцца нават у жахлівым сьне. Але тое аказалася праўдай.
Існуюць розныя вэрсіі прычыны адмовы бацькі-заводу ад свайго апошняга дзецішча (раней былі пахаваныя хакейны і баскетбольны клюбы).
1-я. У МАЗа няма фінансаў, каб утрымліваць Тарпеда. Але на фоне апошніх штотыднёвых бравурных паведамленьняў аб асвойваньні аўтазаводам новых рынкаў збыту (Кітаю), манаполіі па грузавікох у некаторых дзяржавах (Украіна, Кіпр інш.) такія заявы падаюцца хлусьлівымі.
2-я. Ініцыятыва належыць кіраўніцтву горада (мажліва, асабіста мэру Паўлаву). Муніцыпалітэт хоча зрабіць моцны футбольны клюб на манэр маскоўскага ФК Масква (былога Тарпеда-Металург), якое ў значнай ступені субсыдуецца мэрыяй ‘‘первопрестольной’'. Там актыўным дзеячом гэтага працэсу быў небезьвядомы Ю. М. Лужкоў. Хочуць узяць прыклад з маскалёў.
3-я. Нехта з самых вярхоў нашае дзяржавы рашуча намякнуў Гурыновічу В. А. (дырэктару МАЗа і адначасова клюба), каб займаўся толькі машынамі і ня лез у спорт. Маўляў, занадта хочаш раскруціцца.
4-я. Кіраўніцтва Тарпеда хоча як мага хутчэй вярнуцца ў вышэйшую лігу, зрабіць клюб (толькі які?) фінансава стабільным, таму ідзе на вечны альянс са Зьменай аж да зьнікненьня чорна-белага клюба. Толькі пры гэтым неяк забываюцца на тое, што Тарпеда — гэта ня толькі іх месца часовай работы, а каштоўнасьць для многіх людзей, за якую яны штогод ахвяруюць вельмі многім (грашыма, часам, інтымнымі справамі, здароўем).
Заўзятары аўтазаводцаў ня могуць мірыцца са зьнішчэньнем справы іх жыцьця. 14 лістапада была праведзеная несанкцыянаваная ўладамі акцыя пратэсту ля прахадной МАЗа. Паўсотні чалавек разгарнулі тры расьцяжкі, сярод якіх былі:

‘‘Нет Торпедо — нет МАЗА’', ‘‘Забіваеце Тарпеда — забіваеце нас’' і яшчэ адна.
Раздавалі рабочым, якія ішлі дамоў з працоўнай зьмены ўлёткі адпаведнага зьместу. Гэта ўсё працягвалася, пакуль заводзкая ахова не затрымала трох чалавек і ня стала вырываць расьцяжкі. Акцыя на гэтым была завершаная. Затрыманых, на шчасьце, неўзабаве адпусьцілі.
Тры газэты адклікнуліся на факт магчымага забойства Тарпеда: Наша Ніва, Прессбол і Всё о футболе. Першая беларуская газэта напісала артыкул з пазыцыі прыхільнікаў чорна- белых, ПБ — з пункту гледжаньня кіраўніцтва клюба і фэдэрацыі (якой збольшага ўсё роўна), ВоФ — з нэйтральнай пазыцыі. Таксама праблему Тарпеда закранулі два вядомых інтэрнэт выдання: Беларускі футбол ды інфармацыйны партал TUT.BY Тэлевізія покуль адмоўчваецца. Ды і як тое ж СТВ можа выступіць з крытыкай амаральнай ініцыятывы Паўлава ў нашай ‘‘дэмакратычнай’' дзяржаве? Сьмешна!
Але няварта шукаць палітычных прычынаў падзеях, якія адбываюцца па-за футбольным полем. Тут, хутчэй за ўсё, выяўляецца сапраўднае маральнае аблічча некаторых людзей, якія за большую зарплату ды часовы прэстыж гатовыя прадаць, няхай і чужую, але ўсё-ткі Сьвятыню. Палітычнасьць тут хіба ў тым, што пры таталітарызьме нельга голасна гэтаму супраціўляцца (у футбольнай гісторыя былі падобныя выпадкі, некаторыя з шчасьлівым фіналам). Ня дай Божа, каб іх задумы ўвасобіліся ў жыцьцё, але кляймо яны сабе ўжо паставілі. Пайменна называць іх няварта, тыя, хто мае дачыненьне да Тарпеда і так іх ведае.
Пры любым раскладзе кроў многіх людзей да канца існаваньня застанецца чорна-белай, і ніякія паўлавы-гурыновічы-сухоцкія ня здольныя гэтага зьмяніць. Толькі вельмі балюча страчваць тое, з чым і дзеля чаго жывеш.

Толькі Тарпеда!
Афіцыйны сайт Тарпеда Мінск: http://www.torpedo-minsk.com
Над артыкулам працавалі: Dzik, KresVit
Отправить комментарий