У Гомелі працягваецца запалохваньне актыўнай моладзі
09/13/2006 - 15:10У Гомелі працягваецца запалохваньне актыўнай моладзі, што апранае саколкі “За свабоду” і носіць апазыцыйныя значыкі. Нядаўна двух такіх маладзёнаў зьбілі невядомыя. Днямі раней прадстаўнікі праваахоўных ворганаў зладзілі рэйд па мейсцах сустрэчы моладзі, спрабуючы пераканаць у правільнасьці абранага дзяржаўнага курсу, падчас якога сканфіскавалі значыкі “За свабоду” і акцый Салідарнасьці “16”.
У выходны нявызначаныя асобы зьбілі двух маладзёнаў у майках і значыках “За свабоду”. На сёньняшні момант адзін зь іх знаходзіцца ў больніцы з разьбітай губой і выбітымі зубамі.
Паводле словаў пацярпелых, да іх падыйшлі асобы атлетычнага целаскладу ў цёмнай вопратцы і шапачках. Правакатары пачалі задаваць пытаньні кшталту “зь якой вы арганізацыі?”, “што гэта за значакі?”, пасьля чаго пачалі зьбіваць моладзь за адмову зьняць саколкі “За Свабоду!”.
Пацярпелыя мяркуюць, што невядомыя ў сваіх паводзінах кіраваліся загадамі пэўных кампэтэнтных ворганаў. “Аднак гэтая падзея толькі ўпэўніла, што ўлады баяцца праяваў маладзёвай актыўнасьці”
Ігар С.
Hart news
Отправить комментарий