|
|
|
Зварот Мілінкевіча: Радзіма ў небясьпецы!09/04/2006 - 23:22Дарагія суайчыньнікі! Прыйшоў час, калі ад кожнага з нас залежыць наша будучыня. У найбліжэйшыя месяцы нам прыйдзецца вырашыць, ці будзе далей існаваць наша Радзіма – родная Беларусь, ці мы станем ускраінай іншай краіны – суседкі Расеі. Цяперашні кіраўнік Беларусі доўга гуляў у інтэграцыю, бо надзвычай хацеў стаць самадзержцам «усяе Русі». І дагуляўся. Плануецца рэфэрэндум па стварэньні так званай Саюзнай дзяржавы. Гэта ня будзе аб’яднаньне роўных. Наш лёс стане вырашаць «саюзнае» кіраўніцтва, дзе ў нас будзе нашмат менш галасоў, чым у суседзяў. Зноў па дазвол на ўсё будзем ехаць на паклон у сталіцу Расеі. З суседам трэба сябраваць, супрацоўнічаць, гандляваць, паважаць адзін аднаго. Але нашто зноў рабіць камунальную кватэру, спрабаваць жыць не сваім, а чужым розумам? Чаму мы, працавіты, адукаваны народ, павінны перакласьці адказнасьці за наш лёс на іншых? Мы што нямоглыя, хворыя, неразумныя? Нам кажуць: «Мы заўсёды былі разам...» Няпраўда – толькі два няпоўныя стагодзьдзі. А беларускай дзяржаўнасьці больш за тысячу гадоў. Або лямантуюць: «Мы такія бедныя, а ў іх – нафта і газ». Але толькі непісьменны чалавек не ведае, што хутка ўсюды цэны на энерганосьбіты будуць сусветныя. Паглядзіце на сённяшні свет: багацей за ўсё жывуць людзі ў невялікіх краінах, дзе няшмат прыродных рэсурсаў. Бо жывуць па сваёй волі ў свабодзе для сябе, а не для іншаземнага дзядзькі. Затое скажу я табе, мой народзе: аб’яднаемся – і нашы дзеці будуць ваяваць у Чачні, і скупяць нашыя прадпрыемствы і зямлю іхнія алігархі, і прыйдуць да нас іхнія мафія і злачынцы, і станем мы глыбінкай Расіі, дзе жывуць куды бядней, чым сёння ў нас. Думайце, разважайце. Нават родным братам лепей жывецца ва ўласных дамах, чым у інтэрнаце. Мы павінны захаваць нашу Беларусь незалежнай. Святым не гандлююць. Бацькаўшчына дасталася нам ад продкаў, і мы мусім захаваць яе для нашых нашчадкаў. Толькі незалежная Беларусь можа забясьпечыць сваім грамадзянам дабрабыт і спакой. Мы пабудуем эўрапейскай Беларусь, якая будзе для нас утульным домам, а для нашых суседзяў надзейным мастом супрацоўніцтва, але ніколі – прахадным дваром або разьменнай манетай. Маці-Радзіма патрабуе нашай абароны, чыстай веры, шчырай любові і гарачых сэрцаў. Толькі разам мы адстаім свабоду і незалежнасьць. Кожны з Вас патрэбен для гэтай сьвятой справы. Мы пераможам! |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Отправить комментарий