З магілёўскага каледжу адлічаны актывіст “зубра”
03/11/2006 - 18:48З чацьвёртага курсу Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжу адлічаны актывіст моладзевага супраціву “Зубр” Артур Бадаеў. Афіцыйная прычына – “акадэмічная непасьпяховасьць”. Сам хлопец зьвязвае дзеяньні адміністрацыі навучальнай установы са сваёй палітычнай дзейнасьцю.
Загад аб адлічэньні студэнта 9-га сакавіка падпісаў дырэктар каледжу Аляксандар Шапчыц. Напярэдадні, 7-га сакавіка Артур ня змог здаць свае практычныя работы. Ён распавёў, што ў апошні дзень здачы пісьмовых работ усе ведамасьці ўжо былі закрытыя. Такім чынам, за ім засталося адразу тры акадэмічныя запазычанасьці, якія і сталі афіцыйнай прычынай адлічэньня.
Сапраўдная ж прычына – гэта ўдзел у моладзевым супраціве. Раней на “зубра” неаднаразова аказваўся ціск з боку прадстаўнікоў КГБ. Апошні раз яго выклікалі на “размову” ў будынак Магілёўскага абласнога ўпраўленьня КГБ чатыры тыдні таму.
“Спачатку мне патэлефанавалі дамоў і запрасілі на “размову”. Я адмовіўся, тады яны патэлефанавалі маёй маці, і яна прыйшла да іх. Пасьля правядзеньня “прафіляктычнай гутаркі” супрацоўнікі КГБ папрасілі яе патэлефанаваць мне, каб я прыехаў”, – распавёў Артур Бадаеў.
Актывіст “Зубра” быў вымушаны прыехаць у будынак КГБ. Тут супрацоўнікаў спэцслужбаў у першую чаргу цікавіла інфармацыя пра структуру “Зубра”, лідэраў супраціву, крыніцы фінансаваньня. Таксама высьветлілася, што “КГБісты” сачылі за Артурам амаль два гады і ведалі многія падрабязнасьці яго жыцьця. Спрабуючы здабыць дадатковую інфармацыю, яны выкарыстоўвалі зманціраваныя фатаздымкі, зь якіх вынікала, што ён нібыта ўдзельнічаў у акцыях пратэсту.
Летась у сярэдзіне красавіка Артура Бадаева спрабавалі завэрбаваць. Супрацоўнік КГБ прыйшоў у каледж для правядзеньня “размовы”, у часе якой настойліва прапаноўваў “зубру” шпіёніць за іншымі актывістамі. Але Артур адмовіўся, пасьля чаго ў яго ўзьніклі першыя праблемы з вучобай – летнюю сэсію ён змог здаць толькі ў верасьні.
Нагадаем, гэта ня першае за апошні час адлічэньне актывістаў “Зубра” з навучальных установаў у Магілёве. Некалькі тыдняў таму з Магілёўскага дзяржунівэрсытэту імя А.Куляшова была адлічаная студэнтка другога курсу Марына Цьвяткова.
http://zubr-mogilev.org/modules/news/article.php?storyid=353
Отправить комментарий