Напрыканцы чэрвеня быў пазбаўлены ліцэнзіі флагман беларускай прыватнай медыцыны менскі цэнтар «Нардын». 29 чэрвеня пра гэта паведаміў намесьнік міністра аховы здароўя Віктар Калбанаў падчас прадстаўленьня ў Нацыянальным Сходзе новае рэдакцыі Закону «Аб ахове здароўя». «Нардын» стаў у чаргу «пазбаўленцаў» акурат за іншым «зубрам» рынку прыватных медычных паслуг цэнтрам «Экамедсэрвіс», які перанёс гэтую аперацыю месяц таму.
Нагадаем, што падставай для ануляваньня ліцэнзіі «Экамедсэрвісу» сталася адсутнасьць у лекара-кардыёлага вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, а ў масажыста — пазнакі пра праходжаньне абавязковых курсаў павышэньня кваліфікацыі. На падобныя ж граблі наступіў і «Нардын». Як паведаміла ў інтэрвію АФН начальнік упраўленьня ліцэнзаваньня Міністэрства аховы здароўя Сьвятлана Ганчарык, падставай для ануляваньня ліцэнзіі згаданым цэнтрам сталася «установление факта отсутствия в штате требуемых специалистов (одного или более), имеющих соответствующую подготовку (образование либо требуемую квалификационную категорию, либо тематическое усовершенствование)«. Выносячы падобнае рашэньне чыноўнікі кіраваліся «Палажэньнем аб ліцэнзаваньні асобных відаў дзейнасьці», якое было зацьверджана Дэкрэтам Прэзідэнта ад 14.07.2003 г. № 17, а таксама Пастановай Савета міністраў № 1378 «Аб зацьвярджэньні палажэньняў аб ліцэнзаваньні відаў дзейнасьці, выдачу ліцэнзій на якія ажыцьцяўляе Міністэрства аховы здароўя». Апошні дакумент абавязвае ліцэнзіянтаў, якія працуюць у медычнай сферы, забясьпечыць наяўнасьць у кіраўнікоў і спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй першай альбо вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, а сярэдняга мед. персаналу — кваліфікацыйнай катэгорыі. Неадпаведнасьць гэтаму патрабаваньню і стала тым грубым парушэньнем, выправіць якое магла выключна эўтаназія абодвух цэнтраў.
Дадатковай пікантнасьці моманту надае той факт, што згаданая лекар-кардыёлаг з «Экамедсэрвісу» мае 20-гадовы стаж працы і доўгі час зьяўлялася загадчыцай кардыялягічнага адзьдзяленьня адной зь дзяржаўных клінік. Акрамя таго, яна мае вышэйшую катэгорыю па тэрапіі і першую па кардыялогіі (больш вузкай галіне тэрапіі), што, аднак, не засмуціла кантралёраў зь міністэрства. Чаго і ў каго не хапала «Нардыну» так і засталося па-за кадрам.
Асобнай увагі заслугоўваюць абгрунтаваньне падобнага радыкалізму з боку «лекараў з партфелямі». Па словах Сьвятланы Ганчарык інакш яны зрабіць проста не маглі, бо згаданае «Палажэньне» проста не ўтрымлівае альтэрнатывы ануляваньню ліцэнзіі. Пасьля гэткіх выказваньняў асаблівае хваляваньне выклікае далейшы лёс многіх дзяржаўных установаў аховы здароўя, паколькі толькі ў Менску не хапае каля 400 лекараў пераважна ў паліклініках, а таксама ў некаторых адзьдзяленьнях стацыянараў і службе хуткай дапамогі. Ва ўмовах хранічнага недахопу кадраў, патрабаваньні міністэрства пра належную кваліфікацыю спецыялістаў выконваюцца далёка не заўсёды. (Напрыклад цяперашні намесьнік кіраўніка адной з найбуйнейшых рэспубліканскіх клінік увогуле не мае кваліфікацыйнай катэгорыі, што не замінае яму выконваць свае абавязкі.)
Чыноўніцай таксама была агучана інфармацыя пра тое, што за 6 месяцаў бягучага году упраўленьне па ліцэнзаваньні праверыла больш за 500 ліцэнзіянтаў як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасьці. Па выніках праверак было вынесена больш за 300 патрабаваньняў аб выпраўленьні парушэньняў, а 23 ліцэнзіі на медычную дзейнасьць было анулявана, зь іх 20 — на фармацэўтычную. Ня трэба быць Настрадамусам каб здагадацца, што абсалютная большасьць пазбаўленых не зьяўляюцца дзяржаўнымі прадпрыемствамі. І як тут не ўзгадаць так шанаваныя БТ «падвоеныя стандарты».
Непазьбежна паўстаюць 2 пытаньні: навошта столькі высілкаў скіравана на стварэньне перашкодаў лідэрам галіны і ці ачуняюць яны пасьля такой ласкі. На другое зь іх адказ адносна просты: ачуняюць і ліквідаваныя наўрад ці будуць. Да таго ж іх дзейнасьць і так не на хвіліну не прыпынялася. Прычым «Экамедсэрвіс» дазваляў сабе працаваць пасьля афіцыйнага паведамленьня пра адкліканьне ліцэнзіі. Пры гэтым праверка падаткавай інспекцыі Кастрычніцкага раёну Менску, якая ставіла на мэце «выявление и пресечение факта занятия деятельностью без получения лицензии», падцьвердзіла законнасьць дзейнасьці прадпрыемства, пра што было паведамлена ў адмысловым прэс-рэлізе цэнтра. Падобны беспрэцэдэнтны «альтруізм» падатковай інспекцыі і «свавольства» прыватнай медычнай установы у дачыненьнях зь ліцэнзуючым ворганам выклікалі сіметрычны адказ апошняга ў выглядзе прэс-рэлізу пра незаконнасьць дзейнасьці «Экамедсэрвісу». Пасьля такога, па логіцы цяперашняй беларускай сітуацыі, прадпрыемства павінна было быць паказальна раздушана прасам праверак і санкцыяў з боку Камітэта дзяржкантролю і Міністэрства па падатках і зборах. «Апальны» ж цэнтар ня толькі ацалеў, але і працягваў працаваць, фактычна парушаючы закон. Гонар абражанага міністэрства быў уратаваны Вышэйшым гаспадарчым судом, які пасьля звароту «Экамедсэрвісу», прыпыніў дзеяньне загаду міністэрства. Далейшы ход працэсу выглядае даволі цікава. Замест таго, каб сінхронна спрацаваць зь іншымі дзяржаўнымі ворганамі і хуценька падцьвердзіць слушнасьць прэтэнзіяў міністэрства, ВГС накіроўвае ва ўрад запыт аб афіцыйным тлумачэньні згаданай пастановы Савета Міністраў № 1378 і прыпыняе разгляд справы, неўзабаве пасьля першых слуханьняў.
«Нардын» ня стаў дарэмна нерваваць ліцэнзуючы ворган. З 28 чэрвеня па 5 ліпеня цэнтар працаваў таму што «яшчэ не атрымаў афіцыйнага паведамленьня пра адкліканьне ліцэнзіі», а па атрыманьні такога паведамленьні адразу ж зьвярнуўся ў той жа суд. Як і ў выпадку з «Экамедсэрвісам» дзеяньне загаду міністэрства было прыпынена і 6 ліпеня пацыентам, як заўсёды, было куды прыйсьці. Папярэднія слуханьні па справе «Нардыну» прызначаны на 19 ліпеня, але ўжо мала хто сумняецца, што і гэтая справа мае вялікія шанцы часова прыпыніцца.
Падобны ход разьбіральніцтваў сьведчыць пра тое, што перспектывы нашых монстраў платнай медыцыны далёка не такія змрочныя. Аптымізму дадае і спецыфіка эканомікі сучаснай Беларусі, дзе кожны пасьпяховы бізнэс хаваецца ў ценю ўладных структураў. Тым жа, хто не падзяляе гэтага аптымізму, раю узгадаць адносна нядаўнюю «зачыстку» трэцяга сэктару, і ролю ў ім Міністэрства юстыцыі і Вярхоўнага суда. Кіруючыся дзяржзаказам па падрыхтоўцы палітычнага поля, шляхам выпальваньня інстытуцыяналізаваных формаў інкагерэнтнай грамадзка-палітычнай актыўнасьці, гэтыя дзяржаўныя органы прадэманстравалі надзвычайныя дзівосы баявога зладжваньня. Мін. Юст. выносіў патрэбную колькасьць пісьмовых папярэджаньняў агульнакраёвым грамадзкім арганізацыям, а суд сьпяшаўся задаволіць ягоныя прэтэнзіі адна за адной ліквідоўваючы найбольш уплывовыя НДА. І адбывалася ўсё хутка і якасна, бязь лішніх зваротаў і сантыментаў.
Пытаньне «навошта» больш складанае. Большасьць медыкаў зьвязваюць эпапею з медычнымі цэнтрамі з падрыхтоўкай глебы для стварэньня міністэрствам аховы здароўя унітарных прадпрыемстваў, якія будуць аказваць платныя медычныя паслугі па-за межамі дзяржаўных паліклінік і бальніц. Грамадзтву далі пэўны сігнал: прыватныя медычныя цэнтры ненадзейныя і дарагія, таму лепш зь імі ня зьвязвацца. Пасьля грамадзкага рэзанансу кліентуры ў камерсантаў наўрад ці прыбавіцца. Да таго ж, пакуль столькі сіл і сродкаў марнуецца на судовыя спрэчкі, перамовы зь ліцэнзуючым ворганам і выплату штрафаў, ствараюцца і ўдасканальваюцца канкурэнты — цэнтры дзяржаўнай камерцыйнай медыцыны.
Шмат што тут тлумачыць выказваньне міністра аховы здароўя Людзьмілы Пастаялкі. У выступе перад дэпутатамі Нацыянальнага Сходу 29 чэрвеня гэтая спадарыня адзначыла, што «прыватная медыцына павінна разьвівацца тэмпамі апераджальнымі і павінна ўступаць у роўную канкурэнцыю з дзяржаўнай медыцынай… Усе нашыя гэтыя дзеяньні скіраваныя толькі на тое, каб прыватная медыцына разьвівалася." Паколькі канкурэнцыі дзяржаўная медыцына з прыватнай пакуль не вытрымлівае, разьвіцьцё апошняй можна істотна прыцішыць сваім навязьлівым клопатам пра яе. Год настойлівых праверак, адкліканьня-вяртаньня ліцэнзіяў і нялюбыя «камерсанты» самі радыя будуць забыцца на праблемны рынак.
Яшчэ адзін выразны знак адрасаваны найбольш кваліфікаваным лекарам, якія імкнуцца сумяшчаюць працу ў дзяржаўнай лячэбнай установе з падпрацоўкай у прыватнай: прыватныя медычныя ўстановы — ненадзейнае месца для працы, у іх пастаянна праблемы з законам, празь якія можна пазбавіцца і асноўнага дзяржаўнага працоўнага месца, страціць у статусе і не атрымаць належнай пенсіі. Маўляў, хочаце падпрацоўваць — калі ласка на дзяржаву ў межах згаданых унітарных прадпрыемстваў.
Аднак, здавалася б, што простым людзям да праблемаў элітных медычных цэнтраў зь іх салярыямі, фітнэс-клюбамі і дарагімі лекарамі? Але так думаць па меншай меры неразумна, бо зварочваньне канкурэнцыі і пашырэньне дзяржавы на сэктар платных медычных паслуг патэнцыйна адаб’ецца на кожным з нас.
Па-першае, са стварэньнем дзяржаўных камэрцыйных паліклінік чэргі з некамерцыйных нікуды ня зьнікнуць. Таму, каб доўга не чакаць кансультацыі якога-небудзь спецыяліста, шмат хто пойдзе да яго за грошы ў дзяржаўнае УП. Не цяжка сабе ўявіць, што тое самае будзе і з аналізамі, а таксама іншымі «дэфіцытнымі» дасьледваньнямі, кшталту УГД ці кампутаровай тамаграфіі.
Па-другое, непазьбежна зьнізіцца і якасьць паслуг (магчыма пры адпаведным зьніжэньні іх кошту) ды іх асартымент. Прагназаваць такое вельмі проста, бо міністэрства аховы здароўя традыцыйна эканоміць на заробках лекараў ды іншых формах матывацыі іх да працы. Такое ўжо было, калі платныя паслугі ўводзілі ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Эксперымент скончыўся тым, што нічым ад бясплатных паслугі не адрозьніваліся, а лекары ад «платнікаў» атрымлівалі адно толькі дадатковую працу за нязменны заробак. Што да разнастайнасьці відаў паслуг, то тут, хутчэй за усё, першымі пацерпяць праграмы комплекснай ацэнкі, адсочваньня і карэкцыі стану здароўя, такія як «Асабісты лекар вашага дзіцяці» ці «Асабісты тэрапеўт», папулярныя ў сучасных буйных медычных цэнтрах. Увогуле пытаньні маркетынгу і эфектыўнага мэнэджмэнту шмат у чым схаваюцца за галоўнага рэгулятара на рынку — міністэрства аховы здароўя.
Па-трэцяе, бараніцца пацыенту ад нядобрасумленных лекараў стане шматкроць цяжэй. Просты прыклад — у 2004 у ГА «Абарона спажыўца» паступіла больш за 30 скаргаў на дзейнасьць установаў прыватнай медыцыны. Толькі 10 зь іх дайшлі да суда, астатнія ж былі залагоджаны ў дасудовым парадку з выплатай пацярпелым сум нашмат большых за тыя, якія выплачвацца па суду. Зьвязана гэта з тым, што судовы канфлікт з пацыентам непазьбежна цягне за сабой разнастайныя праверкі кантралюючых ворганаў, а значыць і амаль непазьбежныя страты, прадухіліць якія камэрсант можа адкупіўшыся ад пацыента. Праўда, адваротным бокам такой практыкі сталася зьяўленьня клясы пацыентаў-паразітаў, якія толькі тым і займаліся, што цягнулі грошы з медычнага бізнэсу, але гэта толькі «хваробы роста». У выпадку ж з дзяржаўнымі камерцыйнымі паліклінікамі верагоднасьць дасудовага вырашэньня справы мінімальная, бо персанал і кіраўніцтва установы — наёмныя работнікі, якія не распараджаюцца самастойна плёнам сваёй працы. Пра тое, як проста грамадзяніну супрацьстаяць дзяржаўным інстытуцыям, наколькі выніковы гэты працэс- зразумела без каментароў.
Гэта толькі самыя відавочныя хібы манапалізацыі дзяржавай сферы медычных паслуг. Акрамя гэтага, цяперашнія нетрывалыя і незразумелыя «правілы гульні» на гэтым рынку безумоўна не вабяць інвестараў у сферу аховы здароўя. Апошнія падзеі з буйнейшымі медычнымі цэнтрамі ўжо каштавала Беларусі 10 млн. даляраў інвестыцыяў, якія меліся быць укладзеныя летувіскай фінансавай групай FSC ir K у будаўніцтва нейрахірургічнай клінікі. Акрамя ўсяго мы страцілі каля 200 прывабных працоўных месцаў, а таксама магчымасьць на сучасным эўрапейскім роўні атрымліваць лячэньне складаных хваробаў нярвовай сістэмы (плянавалася сталая праца 2-ух спецыялістаў з Нямеччыны і 2-ух з Францыі напрацягу першых 2-ух гадоў працы цэнтра). Але ці самая вялікая гэта плата за самую савецкую сістэму аховы здароўя.
Інфармацыя пра аўтара:
Андрэй Вітушка выканаўчы дырэктар Асацыяцыі Беларускіх Медыкаў (http://medicus.iatp.by), лекар-рэаніматолаг, магістар гуманітарных навук у галіне паліталогіі. Працуе ў менскім цэнтры «Маці і дзіця».
Отправить комментарий