Пастара «Новага жыцьця» аштрафавалі 03/11/2008 - 00:07 / Радыё Свабода Суд Маскоўскага раёну Менску аштрафаваў пастара царквы «Новае жыцьцё» Вячаслава Ганчарэнку на 250 тысяч рублёў.
Пастара царквы абвінавацілі ў невыкананьні прадпісаньняў пракурора. Нагадаем, у 2006 годзе гарадзкія ўлады спрабавалі адабраць у вернікаў іх храм (былы калгасны кароўнік на ўскрайку Менску).
Вернікі абвясьцілі галадоўку і трымалі яе да тае пары, пакуль улады не прапанавалі вырашыць канфлікт у Вышэйшым гаспадарчым судзе. Летась справа так і ня мела працягу. А напрыканцы году прадстаўнікі розных ведамстваў намагаліся прайсьці ў будынак. Але вернікі заявілі, што пакуль ня вырашыцца канфлікт, яны ня пусьцяць у свой храм пабочных асобаў. комментарии: 0
Скрабцы абвясьцілі бестэрміновую галадоўку 03/11/2008 - 00:02 / "Наша Ніва" Браты Сяргей і Аляксандар Скрабцы сёньня абвясьцілі бестэрміновую галадоўку пратэсту. Такім чынам Скрабцы зьбіраюцца дамагацца вызваленьня з турмаў палітвязьняў Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма.
«Мы доўга абмяркоўвалі з братам, ці варта пачынаць галадоўку. Вырашылі, што ўсё ж трэба. Асабліва цяпер, калі і ЗША і Эўрасаюз адзінагалосна патрабуюць вызваленьня беларускіх палітвязьняў. Наша краіна цяпер знаходзіцца ў цяжкім палітычным і эканамічным становішчы», – кажа былы дэпутат палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец.
Пакуль галадаць будуць толькі яны удвух, але былы палітвязень упэўнены, што іхнюю акцыю пратэсту падтрымаюць і іншыя грамадзкія дзеячы. Сяргей Скрабец кажа, што сам асабіста прасіў Казуліна, каб спыніў галадоўкі, дзеля ягонага здароўя.
Для Сяргея Скрабца гэта ўжо сёмая ці восьмая галадоўка, ён сам ужо ня можа ўзгадаць дакладную лічбу. Апошні раз такім чынам ён пратэставаў яшчэ ў віцебскай турме. Перад самым вызваленьнем Скрабец у знак салідарнасьці з Казуліным адмаўляўся ад ежы цягам амаль 25 дзён. Па словах Сяргея, ягоны брат таксама мае досьвед галаданьня, але ўжо досыць даўні.
«Мы ня будзем рабіць з галадоўкі нейкае шоў. Ляжаць у пакоі, каб да нас прыходзілі журналісты і дыпляматы. Будзем галадаць актыўна, працягваць удзельнічаць у палітычным жыцьці краіны. Абавязкова прымем удзел у сьвяткаваньні Дня Волі», – кажа Сяргей Скрабец.
Зьміцер Панкавец
комментарии: 0
Школьнікам паказваюць «Шчыт Айчыны» без купюраў 03/11/2008 - 00:00 / ЕРБ Найбольшую цікавасьць у маладой аўдыторыі выклікаюць пікантныя сцэны з фільма.
Фільмы ў школы Меншчыны прывозяць часта. Абавязковымі для наведваньня зьяўляюцца стужкі, зьнятыя паводле твораў, уключаных у школьную праграму. Дзеля «Шчыта Айчыны» у адной са школаў заняткі нават скарацілі. Пайшла пагалоска, што фільм прывезьлі на загад са сталіцы — нібыта парупіўся ідэалягічны аддзел Адміністрацыі прэзыдэнта. На паказ пазганялі школьнікаў пачынаючы зь пяціклясьнікаў. За квіток давялося аддаць па 700 рублёў. Цікава тое, што ні настаўнікаў, ні адміністрацыю школы не папярэдзілі, што фільм зьмяшчае эратычныя сцэны. Апэратар акурат падчас аднаго з такіх эпізодаў выйшаў папаліць. Настаўнікі ня ведалі, як спыніць фільм, а дзеці былі гэтаму толькі рады. Пікантныя сцэны выклікалі ў маладой аўдыторыі асаблівае ажыўленьне.
Цікава, што пра падобны выпадак нядаўна пісала «Белгазета». Вось урывак з гутаркі з рэжысёрам: «Ну і як народ у залі прымаў гэтую замову, што казалі нагнаныя школьнікі?» — ізноў задае свае пытаньні Дзяніс Скварцоў замест таго, каб адказваць на мае. І пачуўшы ў адказ, што ў часе ложкавых сцэнаў школьнікі ўлюлюкалі, а рэшту часу забаўлялі сябе размовамі з перапынкам на перакур, заўважае: «Ну хоць нешта яны вынесьлі, правільна?»
Цяпер у райцэнтрах Меншчыны анансуецца льготны паказ «Шчыту Айчыны». Без узроставых абмежаваньняў. комментарии: 0