У Свіслачы адзначаць Дзень памяці паўстанцаў 1863 года 10/19/2007 - 00:29 / http://blog.grodno.net/ 27 кастрычніка ў Свіслачы пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя Дню памяці паўстанцаў 1863 года. Дзень памяці на свіслацкай зямлі, радзіме Кастуся і Віктара Каліноўскіх, будзе адзначацца дэмакратычнай супольнасцю ўжо ў трынаццаты раз.
У праграме Дня памяці малебен ў мясцовым касцёле, урачыстае ўскладанне кветак да помнікаў героям паўстання Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, наведванне вёскі Якушоўка, дзе захаваліся парэшткі падмуркаў сядзібы Каліноўскіх, побач з якой у 1997 годзе актывістамі дэмакратычнага руху быў усталяваны памятны крыж, канцэрт.
На Дзень памяці паўстанцаў 1863 года ў Свіслач штогод з’язджаецца ўсё большая колькасць людзей. Свіслач, адзіны населены пункт у Беларусі, дзе ўсталяваны помнік Кастусю Каліноўскаму. На мясцовых могілках пахаваны старэйшы брат Кастуся Віктар, які лічыцца ідэйным натхняльнікам нацыянальна-вызвольнага руху ў Беларусі ў другой палове ХІХ ст.
Магіла Віктара Каліноўскага была адшукана на свіслацкіх могілках у 1996 годзе гарадзенскім журналістам Зміцерам Кісялём і мясцовымі актывістамі дэмакратычнага руху. На магіле быў усталяваны помнік, а месца пахавання добраўпарадкавана. З таго часу адзначэнне Дня памяці паўстанцаў у Свіслачы сталася традыцыйным.
Арганізатарамі сёлетніх мерапрыемстваў у Свіслачы выступілі Гарадзенскі Рух “За Свабоду”, Гарадзенская гарадская арганізацыя Партыі БНФ, Гарадзенская абласная арганізацыя БСДГ. Усім ахвотным узяць удзел у Дні памяці паўстанцаў 1863 года, які пройдзе ў Cвіслачы 27 кастрычніка звяртацца, калі ласка, на адрас zasvabodu.hrodna@gmail.com комментарии: 0
Паўла Юхневіча адвезьлі ў суд Савецкага раёну 10/19/2007 - 00:22 / Радыё Свабода Паўла Юхневіча супрацоўнікі міліцыі адвезьлі з турмы на Акрэсьціна ў суд Савецкага раёну Менску. Яго абвінавачваюць у нецэнзурнай лаянцы падчас затрыманьня 23 жніўня.
У той вечар Паўла затрымалі разам з гледачамі і акторамі “Вольнага тэатра”. Тады Павал Юхневіч выклікаў “хуткую дапамогу” і зьехаў у шпіталь, але ягонае прозьвішча ўжо было занесенае ў сьпісы затрыманых. З затрыманых гледачоў і актораў ніхто не адбываў арышт, таму паплечнікі Паўла не разумеюць, зь якой прычыны распачалі супраць яго адміністрацыйную справу.
Судзьдзя Людміла Савасьцян выпісала позву на 19 кастрычніка на 11 гадзін раніцы і сказала, што Павал Юхневіч можа быць вольны. Але міліцыянты зацягнулі яго ў машыну, патлумачыўшы ягоным сябрам, што папросту завязуць яго ў міліцыю расьпісацца ў паперах. Калі людзі прыехалі ў міліцыю. Ім адказалі, што Юхневіча няма, і нібыта яго выпусьцілі на вуліцы Кульман. Ніхто не паверыў гэтай інфармацыі, людзі засталіся чакаць Паўла каля будынку міліцыі.
Калісьці ў такой сытуацыі апынуўся Юры Хадыка, і міліцыянты трымалі яго ў дзяжурнай частцы да раніцы, а потым адвезьлі ў суд. комментарии: 0
Адміністрацыйную справу супраць моладзевага актывіста Сяржука Семен 10/19/2007 - 00:20 / "За свабоду!" Сёньня, 18 кастрычніка, у судзе Нясьвіскага раёну, адбыўся суд над намесьнікам старшыні Рады моладзі БНФ Сержуком Семенюком. Сержука абвінавачвалі ў нецэнзурнай лаянцы падчас правядзеньня летніку моладзі БНФ 17-19 жніўня.
Тады яго, як і яшчэ пятнаццаць актывістаў, затрымалі і абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Але суд не паверыў супрацоўнікам міліцыі, не знайшоў ніякіх доказаў і закрыў справу. Нагадаем, што за летнік моладзі БНФ было ўжо асуджана адзінаццаць актывістаў моладзі БНФ. комментарии: 0
"Гомельская праўда" абвергне сваю хлусьню? 10/19/2007 - 00:01 / Радыё Свабода Сёньня ў судзе Чыгуначнага раёну Гомелю прадстаўніца афіцыйнай газэты “Гомельская праўда” Алена Аленчанка пагадзілася без судовага разьбіральніцтва надрукаваць абвяржэньне сваёй публікацыі.
З пазовам выступіў грамадзкі актывіст, сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леанід Судаленка.
Як напісаў у пазове ў суд спадар Судаленка, у артыкуле “Сваіх дзяцей — за мяжу, чужых — “у барацьбіты за дэмакратыю” (надрукаваны сёлета 2 жніўня), аўтар С.Грушэнка прыпісаў яму “ня толькі амаральныя, але нават і злачынныя дзеяньні”.
У артыкуле пісалася, што сябры закрытага ўладамі грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”, сябрам якога быў і Судаленка, заклікалі моладзь, названую газэтай “гарматным мясам”, удзельнічаць у антыграмадзкіх мерапрыемствах.
Было напісана, што сын актывіста паехаў на вучобу ў Польшчу паводле праграмы для апазыцыйных актывістаў, хоць у дзейнасьці апазыцыі ўдзелу ня браў.
Спадар Судаленка папярэдне зьвяртаўся ў рэдакцыю газэты — патрабаваў абвергнуць несапраўдныя зьвесткі, але адказу не атрымаў.
Таму Леанід Судаленка і зьвярнуўся ў суд з пазовам пра абарону гонару й годнасьці. комментарии: 0